Барыс Давід Балтэ: Мяне заўсёды цікавіла беларуская справа



Ці гучыць зараз беларуская тэма ў Ізраілі? Наколькі актыўна там адбываюцца акцыі салідарнасці? Ці захоўваецца вера ў перамены ў беларускай дыяспары за мяжой?

Адказы на такія пытанні шукаў наш сённяшні „Госць Рацыі” Барыс Давід Балтэ ў размове з Алісай Поль:

РР: Распавядзіце, калі ласка, сваю гісторыю, як вы далучыліся да акцый салідарнасці з Беларуссю?

Барыс Давід Балтэ: Да акцый я далучыўся яшчэ да 2020 года, да ўсёй гэтай перадвыбарнай кампаніі. Натуральна, мяне заўсёды цікавіла беларуская справа, справа змагання за дэмакратыю, за нацыянальную дзяржаву. І калі я ўжо пакінуў войска і змог ізноў прымаць удзел у палітычных акцыях, менавіта з таго часу я стаў прымаць удзел і нават сам рабіць нейкія палітычныя справы. Першая такая справа – адзначэнне 99-ых угодкаў БНР у Ізраілі.

РР: Асабіста вы як часта зараз прымаеце ўдзел у акцыях і ад чаго гэта залежыць?

Барыс Давід Балтэ: Залежыць ад нейкіх гістарычных дат, ці калі прызначаюцца нейкія акцыі ў Беларусі. Гэта калі я сам з’яўляюся арганізатарам. Апошнімі гэта былі такія акцыі, як 7 лютага – Дзень салідарнасці з Беларуссю, які абвясціла Святлана Ціханоўская. Гэта быў Дзень Канстытуцыі. Таксама гэта было адзначэнне Дня Волі – ужо традыцыйнае ў нас ускладанне кветак каля помніка Янкі Купалы. Гэта за апошні час тыя акцыі, у якіх я сам быў арганізатарам.

Цалкам размова:

Акцыі салідарнасці ў Ізраілі, у залежнасці ад нагоды, могуць адбывацца як раз на тыдзень, так і раз на месяц. Але ў сувязі з адменай большасці каранцінных абмежаванняў будуць ладзіцца часцей.

Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя