«Нямцоў быў святлом надзеі расейскіх дэмакратаў»



На Замкавым пляцы Варшавы сабраліся дзясяткі людзей, каб ушанаваць памяць расейскага палітыка Барыса Нямцова, забітага год таму на Вялікім Маскварэцкім мосце недалёка ад Крамля. Апроч расейцаў і палякаў у жалобным мітынгу прынялі ўдзел беларусы, украінцы ды крымскія татары. Дэпутат Сэйму Польшчы Марцін Свянціцкі зазначыў, што Барыс Нямцоў быў святлом надзеі для Расеі:

— Рэфарматары ў Расеі прайгралі Пуціну, а Нямцоў быў лідарам апазіцыі і лідарам незвычайным, які верыў, што Расея можа быць адкрытай, свабоднай, плюралістычнай  краінай, якая не мае імперскіх амбіцыяў і не хоча падпарадкоўваць сабе іншыя народы. Ён быў святлом надзеі для расейскіх дэмакратаў і апазіцыі ў Расеі.

Паплечнік Барыса Нямцова з партыі “Салідарнасць”, а цяпер палітычны эмігрант Усевалад Чарназуб распавёў на жалобным мітынгу, што Барыс Нямцоў меў магчымасць з’ехаць з Расеі, але вырашыў змагацца з рэжымам Пуціна:

— Калі ён быў на лекаванні за мяжой у Расеі распачалі крымінальную справу і гэта быў відавочны сігнал для яго: «Барыс, лепш не вяртайся». Такім чынам яны хацелі вымусіць яго з’ехаць у эміграцыю і прастаць займацца апазіцыйнай і антыкарупцыйнай дзейнасцю. Тады ён параіўся з вядомым расейскім праваабаронцам, яшчэ савецкім дысідэнтам, Уладзімірам Букоўскім і спытаў ў яго: «Уладзімір, ці змагу я змагацца з Пуціным жывучы за мяжой?». А Букоўскі адказаў: Не — не зможаш. І рабіць таго, што ты рабіў  у Расеі — не зможаш». Пасля непрацяглых роздумаў Барыс вярнуўся у краіну пасля завяршэння лячэння і вырашыў змагацца за канца. На жаль, гэты канец прыйшоў вельмі хутка: яго застрэлілі літаральна праз паўгода. 

Следства дагэтуль «не знайшло» тых, хто замовіў яго забойства, а расейскія ўлады на працягу года перашкаджалі ўшанаванню яго памяці. Масквічам прыйшлося арганізаваць кругласуткавую варту на месцы забойства палітыка, каб пільнаваць прынесеныя на Вялікі Маскварэцкі мост кветкі і знічы.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава