Бацька Уладзіміра Кондруся: Мы ў шоку. Сын – напалову труп



9 жніўня бацькі Уладзіміра Кондруся, новага фігуранта справы аб масавых беспарадках, упершыню за два месяцы арышту наведалі сына ў менскім СІЗА-1.

Валадарка

Стан здароўя 39-гадовага Уладзіміра Кондруся, які цяпер знаходзіцца ў санчастцы „Валадаркі”, яго бацькі ацэньваюць як крытычны. Ён вытрымаў толькі пяць хвілінаў першага дазволенага спаткання з бацькамі. Пра гэта паведаміў ягоны бацька Уладзімір Расціслававіч.

„Мы ў шоку. Сын – напалову труп. У пакой для перамоваў яго вынеслі на насілках. Яго хапіла на пяць хвілінаў гутаркі. Ён знясілены. Казаў ён вельмі невыразна. Глядзіш на яго з боку – здаецца, што ён як у тумане, дрэнна разумее. Вочы паўпустыя”, – распавёў ён са страхам у голасе.

Як мы пісалі раней, у СІЗА Уладзімір Кондрусь трымаў доўгатэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць свайго зняволення, што і стала прычынай рэзкага пагаршэння яго стану здароўя. Паводле бацькі, сёння, нягледзячы на сваю цвёрдую пазіцыю, ён папрасіў пра дапамогу.

„Сын папрасіў нас дамагчыся, каб яму зрабілі зонд. Справа ў тым, што ў яго язва і з гэтай прычыны яго не ўзялі ў войска. Зараз ён харкае крывёю. Відавочна, язва абвастрылася. А ў санчастцы ніякай дапамогі яму не аказваюць, так і кажуць: «Мы такой дапамогі не аказваем”. Ён просіць абязбольвальнае – не даюць. Страшна гаварыць пра ўсё гэта… Маці сёння ў СІЗА слёзна прасіла перавесці яго ў нармальны шпіталь. Нашаму сыну неабходная тэрміновая дапамога”, – працягнуў Уладзімір Расціслававіч.

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома Урада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса „Масавыя беспарадкі”, па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менска.

spring96.org