Бацька затрыманага Змітра Фурманава напісаў ліст Лукашэнку



Аляксандр Фурманаў, бацька затрыманага сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай – Змітра Фурманава – напісаў адкрыты ліст кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

 Фота: svaboda.org

Кажа Аляксандр Фурманаў:

– Я гэта рабіў дзеля таго, што мой сын Зміцер 29-га траўня ў Гародні падчас збору подпісаў за Ціханоўскую, ён у яе ініцыятыўна групе па зборы подпісаў, быў затрыманы. Я проста занепакоены як бацька. У мяне нічога апалітычнага няма, я былы ваенны, я заўсёды быў за Лукашэнку. І прытрымліваўся яго і ўсяму верыў. Але пасля ўсяго гэтага, пасля таго, як я акунуўся ва ўсё гэтае бязладдзе, у мяне ўзніклі велізарныя сумненні.

Аляксандр Фурманаў кажа, што ён вельмі турбуецца за лёс свайго сына:

– Я да гэтай пары не ведаю – як, што? Яму не выстаўлена канкрэтнае абвінавачванне. Што далей будзе? Гэтыя ператрусы, гэтае беззаконне, такія адносіны да людзей, да маёй сям’і ў прыватнасці. Гэта проста агіднасць! Таму я быў вымушаны напісаць такі ліст. Я не ведаю, што рабіць. Я чакаю вынікаў. Бо сёння заканчваюцца 10 сутак з моманту яго незаконнага затрымання. Нейкае рашэнне павінна быць прынятае ў рэшце рэшт.

Зміцер Фурманаў знаходзіцца ў Менску ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага і 8 чэрвеня пасля 10 дзён затрымання яму павінна быць прад’яўлена нейкае абвінавачванне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Сяргея Апановіча