Бацька зняволенага праваабаронцы напісаў адкрыты ліст Лукашэнку



Бацька зняволенага праваабаронцы, стваральніка ўстановы  “Платформа іннавейшн” Андрэя Бандарэнкі напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе расказаў пра катаванні, што ўжываюцца да сына. А таксама заклікаў кіраўніка дзяржавы даць распараджэнне аб’ектыўна праверыць накладзеныя на яго пакаранні і спыніць распачатую другую крымінальную справу.

З гэтай нагоды прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам праваабаронцаў ды самога Валерыя Рыгоравіча Бандарэнкі. Кажа экс-суддзя Канстытуцыйнага суда, прафесар Міхаіл Пастухоў:

– Важна, што тут пададзеныя канкрэтныя факты і выпадкі, з-за якіх Андрэй атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні. Бачна, што гэта сапраўды правакацыі, гэта адмыслова зладжаныя сітуацыі для таго, каб на роўным месцы зрабіць спагнанні. Трэба данесці да ўсёй грамадскасці факты злоўжывання службовых асоб сваім становішчам, дыскрымінацыю ў адносінах абаронцы, якія фактычна фабрыкуюць справы ні за што ўжо ў турмах.

Адразу пасля прэс-канферэнцыі адкрыты ліст бацькі Андрэя Бандарэнкі быў адасланы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Як паведамлялася, праваабаронцы пагражае яшчэ два гады турмы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота novychas.by