“Бацькаўшчына” просіць беларусаў свету дапамагчы Беларусі
Управа МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася да ўсіх беларусаў свету аказаць Беларусі дапамогу ў сувязі з пандэміяй COVID-19. У звароце паведамляецца:
Дарагія браты-беларусы!
Чалавецтва сутыкнулася з імгненным і нечаканым выклікам, сур’ёзнасць якога можна ацаніць па тых мерах, якія для яго пераадолення прыкладаюць найбольш развітыя краіны свету. Гаворка пра вірус COVID-19, які на працягу вось ужо некалькіх месяцаў штодня забірае тысячы жыццяў.
Мы ведаем, што вы заўсёды былі неабыякавыя да таго, што адбываецца на Радзіме, уважліва сочыце за падзеямі ў Беларусі. Цяпер да нашай краіны скіравана міжнародная ўвага з прычыны незвычайнага падыходу ўладаў да вырашэння праблемы каронавірусу, ігнаравання досведу краінаў, якія сутыкнуліся з пандэміяй раней. Разам з гэтым відавочна, што ровень забяспечанасці медыкаў матэрыяламі, неабходнымі для якаснага і бяспечнага выканання сваёй працы, непараўнальны з тымі краінамі, якія дазволілі сабе адносна мяккія рэжымы абмежавання перасоўвання грамадзянаў. Кажучы проста, іх востра не хапае.
Беларускія медыкі сёння – сапраўдныя героі. Сярод іх ужо есць загінулыя. Мы верым, што грамадства ўганаруе іх належным чынам пасля сканчэння эпідэміі. Але дапамога ў змаганні з каронавірусам, саўдзел у выратаванні чалавечых жыццяў нам патрэбныя сёння. Дапамога матэрыяламі, грашыма, маральная падтрымка, спробы паўплываць на меркаванне адказных асобаў і ведамстваў – мы верым, што ў барацьбе за жыцці беларусаў годныя любыя з гэтых сродкаў.
Актывісты, якія распачалі дабрачынны збор любой дапамогі і стварылі дзеля гэтага цэнтралізаваны сайт www.bycovid19.com, сцвярджаюць, што маюць магчымасць пераправіць сабраныя матэрыялы ў Беларусь нават нягледзячы на закрытыя межы.
Мы ведаем, што многія з вас ужо аказалі дапамогу, ахвяруючы сродкі на дабрачынныя рахункі, і вельмі цэнім гэта. У некаторых краінах існуюць групы падтрымкі беларусаў замежжа, што толькі сведчыць пра нашу здольнасць яднацца перад сапраўднай пагрозай. Усведамляючы, што многія з вас у сваіх краінах маюць такую самую праблему з гэтай новай хваробай, заклікаем вас усё ж такі не застацца ўбаку і дапамагчы сваёй Радзіме.
Беларускае Радыё Рацыя