Бацькі Ігара Аліневіча сустрэліся з ім у калоніі „Віцьба -3”



Палітвязень Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.  Гэта было доўгатэрміновае спатканне, але замест звычайных 3 сутак яно доўжылася толькі суткі, – кажа Валянціна Аліневіч, маці палітзняволенага:

– Ён схуднелы, бледны, але гэта зразумела, бо ён цягам восені прасядзеў каля 40 сутак у карцары. Настрой у яго добры, бадзёры. Вельмі ўзрадаваўся, што Эдуард Лобаў выйшаў на волю. Ён пра гэта нічога не ведаў.

Па словах Валянціны Аліневіч, жорстакае стаўленне адміністрацыі да яе сына праявілася не толькі ў тым, што тэрмін пераднавагодняга спаткання быў скарочаны да адных сутак. „Калі ўсе астатнія зняволеныя выходзілі са спатканняў з прадуктамі, якія ім дазволілі вынесці, то Ігару нават ніводнага яблыка не далі забраць. Усё як заўсёды. Нешта планаваць там немагчыма. У любую хвіліну могуць выхапіць за нейкую дробязь і пасадзіць у карцар ці накіраваць у турму, як гэта рабілі ўжо са многімі  палітычнымі зняволенымі,” – кажа Валянціна Аліневіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя