Батумі: акцыя «Не – расейскай акупацыі»



7-га лістапада 2023 году на плошчы Еўропы ў грузінскім Батумі адбылася акцыя «Не – расейскай акупацыі».

Акцыя была арганізавана грузінскай партыяй «Лело». Пра мэту акцыі распавядае кіраўнік партыі «Лело» па Аджарыі Гено Тэбідзе:

-20% тэрыторыі Грузіі акупавана расейскімі акупантамі. На гэтых тэрыторыях яны парушаюць правы чалавека, забіваюць грузінскіх грамадзян. І гэта не першы выпадак. Два дні таму яны забілі мірнага жыхара з Картлі, які хацеў зайсці ў царкву і паставіць свечку.

Па словах Гено Тэбідзе, правакацыя з забойствам грузінскага грамадзяніна была зроблена напярэдадні рашэння Еўрапейскай камісіі наконт сяброўства Грузіі ў Еўрапейскім Звязе:

-Еўракамісія павінна свае рэкамендацыі канчаткова выдаць Грузіі, і ў снежні мы чакаем, што яны дадуць нам кандыдацтва ў ЕЗ, як далі Малдове і Украіне. Для нас вельмі важна выйсці з гэтага кола, якое аб’ядноўвае Расея.

Адначасова з акцыяй грузінскай апазіцыі на плошчы Еўропы адбывалася і акцыя ў падтрымку Ўкраіны, якая ладзіцца на гэтай плошчы з першага дня поўнамаштабнага ўварвання расейцаў ва Ўкраіну –  з 24 лютага 2022 году.

Беларускае Радыё Рацыя