Батумі: грузіны з беларусамі супраць Лукашэнкі
28 верасня Аляксандр Лукашэнка пасля перамоваў з Уладзімірам Пуціным нечакана наведаў непрызнаную рэспубліку Абхазія, якую Грузія лічыць акупаванай Расеяй тэрыторыяй.
Пра тое, што будзе калі Лукашэнка прызнае незалежнасць Абхазіі, кажа грузінскі палітык Гено Тэбідзе:
– Не мае значэнне, якое рашэнне цяпер прыме Лукашэнка, таму што ўвесь свет ведае, на якім ён цяпер крэсле сядзіць. Яно яму не належыць, таму што беларускі народ зрабіў іншы выбар. Але цяпер ён з крывёй прыйшоў на прэзідэнцкае крэсла. Спадзяемся, што гэта ўсё хутка зменіцца, і там прыйдзе тая ўлада, якая пабудуе дэмакратычную моцную Беларусь.
На думку кіраўніка беларускай дыяспары ў Аджарыі Рамана Кісляка, цяжка прагназаваць, што можа прыйсці ў галаву Аляксандру Лукашэнку:
– Складана прагназаваць гэтыя планы, якія ў яго і ў Пуціна. У любым выпадку мы будзем паслядоўна адстойваць сваю пазіцыю, пазіцыю Беларусі, беларускага народу. А вось у гэтай сітуацыі будзем намагацца, каб падобнае спынілася.
Беларусы Аджарыі разам з палітыкам Гено Тэбідзе правялі прэс-канферэнцыю, на якой вызначылі адзіную пазіцыю ў тым, што Абхазія – гэта тэрыторыя Грузіі і іншых меркаванняў быць не можа. Апроч гэтага беларусы патрабавалі адмены пагадненняў паміж беларускім КДБ і службай бяспекі Грузіі.
Беларускае Радыё Рацыя