База NATO з’явіцца на Чарнігаўшчыне?
Вайсковая база Паўночна-Атлантычнага альянсу можа з’явіцца ва ўкраінска-беларускім сумежжы. Прынамсі, з такой ініцыятывай выступіла прыватная асоба, якая размясціла на папулярным украінскім інтэрнэт-рэсурсе OLX абвестку: “Два акры зямлі пад базу NATO, блізка Чарнігава. Са штабам і гаражамі”.
Незвычайную аб’яву вывучаў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
У сваёй аб’яве землеўладальнік з Чарнігава дэталёва і па-гаспадарску разважліва распісвае перавагі ўласнага дачнага ўчастку непадалёк беларускай мяжы, які і прапануе набыць натаўскім генералам. Тут і блізасць танкавага палігона ў Ганчароўску, і кантроль над шашой Чарнігаў-Кіеў, і лес, у якім натаўцы змогуць праводзіць трэнаванні, і гаражы для натаўскай тэхнікі, і нават “газ з Мордара”, то бок з Расейскай Федэрацыі.
У якасці бонуса прадавец прапануе яшчэ і сутарэнне, у якім можна размясціць сакрэтную турму ЦРУ, а таксама асобныя камеры для допытаў натаўскімі карнікамі палонных – вядома ж, на расейскай мове.
Прадавец зямельнага ўчастку хоча за свае два акры зямлі з усімі гаспадарчымі пабудовамі ўсяго 15 000 даляраў, што ў параўнанні з беларускімі коштамі на аналагічныя аб’екты зусім не дорага. Не кажучы ўжо пра кошты ў Бруселі.
Вядома ж, гэтая абвестка – жарт, але ў кожным жарце ёсць доля праўды: паводле сацыялагічных апытанак, больш за 53 % украінцаў выступаюць за ўступленне сваёй краіны ў Паўночна-Атлантычны альянс.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя