БАЗА заклікала ўрад ЗША аднавіць санкцыі
Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) накіравала ў адрас амерыканскага ўрада заяву, у якой заклікае разгледзець пытанне аб аднаўленні санкцый.
У сваім звароце арганізацыя беларускай дыяспары БАЗА, заснаваная ў 1949 годзе, праінфармавала ўрад ЗША пра апошнія падзеі ў Беларусі і дала рэкамендацыі, адзначыўшы, што пазітыўныя захады ЗША і ЕС у дачыненні да Мінска не прывялі да дзеянняў у адказ з боку Аляксандра Лукашэнкі.
„Рэжым вырашыў стаць на ногі і не ініцыяваць змены па пытаннях, якія выклікаюць занепакоенасць, а, чакаючы, што Захад зменіць свой падыход”, — гаворыцца ў заяве. Таму, прымаючы рашэнне аб далейшым санкцыйным курсе, БАЗА заклікае Злучаныя Штаты ўлічваць фактары, якія „з’яўляюцца цэнтральнымі для дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, а таксама для двухбаковых адносінаў паміж Мінскам і Вашынгтонам”. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб наяўнасці ў беларускага боку палітычнай волі да сапраўдных дэмакратычных пераўтварэнняў напярэдадні выбараў і пасля іх заканчэння.
„Мы настойліва заклікаем ЗША прытрымлівацца паслядоўнага падыходу да захавання правоў чалавека, узгодненага ў мемарандуме Клінтан — Мартынава ў 2010 годзе, і канкрэтных захадаў, прадугледжаных у Акце аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі”, — гаворыцца ў звароце.
Нагадаем, санкцыі былі ўведзеныя прэзідэнтам Джорджам Бушам-малодшым 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў прадаўжаліся да канца 2015 года. Пасля гэтага быў узяты курс на прыпыненне санкцый кожныя паўгода. Чарговы перыяд змякчэння санкцый завяршаецца 30 красавіка 2017 года.
У санкцыйны спіс уваходзяць ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан”, „Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, Belneftekhim USA Inc., канцэрн „Белнафтахім”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Белшына”, ААТ „Полацк-Шкловалакно” і ААТ „Гродна Хімвалакно”.