БДІПЧ АБСЕ не будзе весці назіранне за выбарамі ў Беларусі



 Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) не будзе весці назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, паведаміла 15 ліпеня прэс-служба арганізацыі.

„Дырэктар БДІПЧ АБСЕ Інгіб’ёрг Сольрун Гісладотыр праінфармавала міністэрства замежных спраў Беларусі, што адсутнасць запрашэння назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца, не дазваляе БДІПЧ правесці назіранне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначыла Гісладотыр, адсутнасць своечасовага запрашэння, калі з моманту абвяшчэння даты выбараў прайшло больш як два месяцы, не дазваляе БДІПЧ правесці назіранне за ключавымі момантамі выбарчага працэсу. „Да іх адносяцца тыя этапы, пра якія мы гаварылі ў сваіх папярэдніх справаздачах, у тым ліку — фармаванне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў. Паводле вынікаў завяршэння гэтых этапаў відавочна, што ўлады не зрабілі ніякіх крокаў для іх паляпшэння”, — сказана ў паведамленні.

Гісладотыр падкрэсліла, што пасля пачатку пандэміі COVID-19 БДІПЧ ужо правяло некалькі назіральных місій у іншых краінах. Адсутнасць своечасовага запрашэння з боку Беларусі дэманструе „адсутнасць прыхільнасці супрацоўніцтву з назіральнікамі БДІПЧ, як гэта прадугледжанае абавязацельствамі ў межах АБСЕ”, мяркуе дырэктар бюро.

Яна таксама выказала „глыбокую занепакоенасць” паведамленнямі аб затрыманні патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і актывістаў апазіцыі ў Беларусі. „Абарона такіх асноўных свабод, як свабода сходаў і выказвання меркаванняў, з’яўляецца папярэдняй умовай для сапраўдных дэмакратычных выбараў”, — падкрэсліла Гісладотыр.

Дырэктар БДІПЧ АБСЕ заклікала беларускія ўлады паважаць асноўныя дэмакратычныя свабоды і правы грамадзян.

Раней аб рашэнні не праводзіць назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі абвясціла Парламенцкая асамблея АБСЕ.

belapan.by