БДІПЧ АБСЕ: Не ўсе нашы рэкамендацыі па выбарах улічаны



Некаторыя рэкамендацыі АБСЕ, выказаныя па выніках мінулае выбарчае кампаніі, засталіся няўлічаныя. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі Жак Фор. На думку прадстаўніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча, рэкамендацыі еўрапейскіх назіральнікаў амаль поўнасцю супадаюць з меркаваннем праваабаронцаў.

– Мы падзяляем усе без выключэння рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, якія даваліся на працягу шмат гадоў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыяй у справе назірання за выбарамі. І яны сапраўды супадаюць з рэкамендацыямі, якія нашая кампанія пасля кожных выбараў агучвае. Але ёсць нашыя рэкамендацыі, якія мы лічым больш прынцыповымі, на якіх мы настойваем, як на больш істотных, неабходных для таго, каб выбары сапраўды сталі свабоднымі і справядлівымі.

Па словах спадара Лабковіча, такімі істотнымі рэкамендацыямі праваабаронцы лічаць змену працэдуры датэрміновага галасавання, раздзельнага ды празрыстага падліку галасоў. Беларускія ўлады таксама не ўлічылі рэкамендацыю, каб прадстаўнікі ўлады ўстрымліваліся ад дзеянняў на карысць аднаго кандыдата, каб усе кандыдаты мелі магчымасць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі без адміністрацыйных абмежаванняў. Таксама БДІПЧ АБСЕ рэкамендавала, каб склад выбарчых камісій і асвятленне выбараў былі больш збалансаванымі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя