Беата Шыдла: Мы шануем дыялог, шануем свабоду



Каля 20-ці гарадоў у Польшчы і за межамі краіны далучыліся ў суботу да маршаў у абарону дэмакратыі. На думку ўдзельнікаў акцый, кіроўная партыя “Права і справядлівасць” блакуе працу Канстытуцыйнага суда, калі не пагаджаецца прывесці да прысягі суддзяў, абраных папярэднім парламентам, і тым самым парушае прынцыпы дэмакратыі.

Беата Шыдла

У інтэрв’ю TVN24 прэм’ер Польшчы Беата Шыдла пракаментавала гэтыя пратэсты:

– Звяртаюся да ўсіх тых, хто пратэстуе, і тых, хто быў на дэманстрацыях, бо кожны грамадзянін мае ў Польшчы права ўдзелу ў дэманстрацыі, мае права выражаць уласныя меркаванні. У час кіравання ўрада “Права і справядлівасці” мы паліцыі супраць дэманстрантаў выводзіць не будзем, як гэта рабіла“Грамадзянская платформа”. Мы шануем дыялог, шануем свабоду і розніцу ў поглядах.

Палітычны крызіс у Польшчы працягваецца ўжо некалькі тыдняў. Кіроўная партыя “Права і справядлівасць” мае безумоўную большасць у парламенце і Сенаце, а таму можа прымаць рашэнні, не зважаючы на аргументы апазіцыі.

Акрамя таго, прэзідэнт Анджэй Дуда – таксама былы чалец гэтай партыі, якога многія абвінавачваюць у далейшай партыйнай залежнасці.

Беларускае Радыё Рацыя