Беларусь – АБСЕ: Падтрыманне міру ці крытыка выбараў?
Доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ маюць прыбыць у Беларусь да канца жніўня. Нягледзячы на крытыку з боку АБСЕ, назіральнікі ад гэтай арганізацыі традыцыйна сочаць за хадою выбарчай кампаніі. І ўдзел Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі важны для афіцыйнага Менска.
Пра гэта на старонках “Belarus Digest” піша аналітык Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.
Рыгор Астапеня: Беларусь не належыць ні да Рады Еўропы, ні да Еўразвяза, мае абмежаваныя магчымасці. Таму гэта адна з магчымасцяў, каб добра прадставіць Беларусь, паказаць яе адэкватнай суверэннай дзяржавай. Таму ў рамках АБСЕ Беларусь можа мець супрацу і з заходнееўрапейскімі краінамі, і са Злучанымі Штатамі, і з Канадай. І часта Беларусь выкарыстоўвае пляцоўку АБСЕ, калі мае складаныя дачыненні. Напрыклад, з Польшчай Беларусь кантактавала напярэдадні далучэння Польшчы ў НАТА менавіта праз АБСЕ.
На пачатку 90-х у Беларусі былі добрыя дачыненні з АБСЕ, бо яна добра выконвала свае забавязанні па змяншэнні ўзбраення ўнутры дзяржавы. Таксама Беларусь заявіла пра бяз’ядзерны статус. І ў 1992 годзе, як і сёння ў святле падзей ва Украіне, Беларусь ініцыявала стварэнне менскай групы АБСЕ, якая займалася тады медыяцыяй канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам. Таму ў гэтым сэнсе дачыненні ў пачатку 90-х паміж Беларуссю і АБСЕ складваліся вельмі добра. Але яны хутка сапсаваліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, калі беларускія ўлады пачалі праводзіць выбары і рэферэндумы, якія не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам. І таму ад сярэдзіны 90-х дачыненні паміж АБСЕ і Беларуссю сталі пагаршацца.
РР: Пачынаючы з 1996 года, ніводныя выбары, на якіх прысутнічалі назіральнікі АБСЕ, не былі прызнаныя дэмакратычнымі. Чаму ж, нягледзячы на папярэднія непрызнанні, у 2015 годзе ўсё роўна заклікаюць місію АБСЕ назіраць за выбарамі ў Беларусі?
Рыгор Астапеня: Тут ёсць некалькі рэчаў, якія звязаны з гэтым кантэкстам і не звязаны. З аднаго боку, яны будуць запрашаць іх увесь час, каб паказаць сваю адкрытасць. Таму заўсёды гатовы супрацоўнічаць з АБСЕ. І гэта робіцца як для АБСЕ, так і для ўнутранага рынку, для звычайных беларусаў, каб паказаць, што насамрэч мы хочам супрацоўнічаць з АБСЕ, мы іх увесь час запрашаем, а гэта яны так негатыўна да нас ставяцца. А калі браць пад увагу тое, што палова беларусаў лічыць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі, то ў звычайных людзей узнікае шмат пытанняў да АБСЕ: чаму яны не прызнаюць нашых выбараў?
Калі казаць пра сённяшні кантэкст, то сёлетняя беларуская кампанія вельмі сумная. Беларускім уладам не так шмат трэба парушаць. Таму ў гэтым годзе, хутчэй за ўсё, не будзе Плошчы, ва ўлады не будзе патрэбы кагосьці рэпрэсаваць. Ды і апазіцыя прымае даволі слабы, абмежаваны ўдзел. Таму беларускія ўлады могуць паказаць сёння “выпраўленне” сітуацыі, таму так хочуць, каб прыехалі прадстаўнікі АБСЕ.
РР: Сама арганізацыя АБСЕ апошнім часам падпадае пад крытыку з розных бакоў. Доўгі час яе крытыкавала Расея і казала, што гэтая арганізацыя не забяспечвае бяспеку ў Еўропе. Цяпер у звязку з канфліктам на Данбасе Украіна, напрыклад, звінавачвае некаторых назіральнікаў АБСЕ, якія прыехалі па квоце Расеі, у заплюшчванні вачэй на пэўныя парушэнні прарасейскіх баевікоў. І як Вы думаеце, які далейшы лёс гэтай арганізацыі?
Рыгор Астапеня: Наўрад ці варта чакаць, што АБСЕ зменіцца ў бліжэйшым часе. Для гэтага няма палітычнай волі. Усе кажуць, што зацікаўлены ў рэфармаванні АБСЕ, але фактычна ніхто не мае агульнага падыходу да таго, як павінна змяніцца АБСЕ. Калі гаварыць пра такія краіны, як Беларусь, то іх асноўныя чаканні – каб АБСЕ менш займалася выбарамі, медыя, правамі чалавека. А для заходніх краінаў – гэта якраз галоўная задача АБСЕ. Таму хуткіх зменаў не будзе.
Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе была створаная ў 1991 годзе. Гэта найбуйнейшая ў свеце рэгіянальная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі бяспекі. Арганізацыя аб’ядноўвае 56 краін, размешчаных у Паўночнай Амерыцы, Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота osce.org