Беларусь адправіць ва Украіну гуманітарную дапамогу
Беларусь акажа гуманітарную дапамогу пацярпелым у выніку ваеннага канфлікту раёнам Украіны — Луганскай і Данецкай абласцям. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 329 ад 28 красавіка набывае моц з дня яе прыняцця.
Урад даручыў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Міністэрству прамысловасці, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну харчовай прамысловасці „Белдзяржхарчпрам”, Гарадзенскаму і Віцебскаму аблвыканкамам сабраць і аформіць гуманітарную дапамогу Украіне на агульную суму 160,5 тыс. рублёў.
Ва Украіну адправяць мясныя кансервы, рапсавы алей, цукар, дрожджы, крупы, муку, макаронныя вырабы, камплекты вучнёўскай мэблі, шафы для дакументаў і халадзільнікі.
Суправаджэнне, дастаўку, перадачу і размеркаванне гуманітарнай дапамогі даручана арганізаваць МНС пры садзеянні Міністэрства замежных спраў Беларусі. Дзяржаўны мытны камітэт і Дзяржпагранкамітэт павінны забяспечыць першачарговы пропуск грузу праз мяжу.
Пакрыць кошт гуманітарнай дапамогі, транспартныя, камандзіровачныя і іншыя выдаткі Саўмін даручыў за кошт грошай, прадугледжаных у бюджэце на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі.