Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Сірыі больш як на 1 млн рублёў
Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Сірыі больш як на 1 млн рублёў. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 190 ад 2 красавіка, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Сфармаваць дапамогу даручана міністэрствам прамысловасці, аховы здароўя і па надзвычайных сітуацыях, дастаўку — ажыццявіць Мінтрансу, Мінпраму і МНС. Мінфіну даручана кампенсаваць кошт матэрыяльных каштоўнасцяў для аказання гуманітарнай дапамогі.
У Сірыю будзе адпраўленая тэхніка Менскага аўтазавода (самазвал, седлавы цягач, бартавы аўтамабіль, аўтабетоназмешвальнік, шасі), трансфарматары, лекі і цукар.
Раней у Сірыю было дастаўлена некалькі самалётаў з беларускай гуманітарнай дапамогай. Акрамя таго, сірыйскія дзеці праходзілі аздараўленне ў Беларусі.
