Беларусь атрымае 7 млн еўра на міграцыйныя цэнтры (абноўлена)



Сем мільёнаў еўра вылучыць Беларусі Еўрапескай камісія. Афіцыйна паведамляецца, што “сродкі накіруюць на вырашэнне пытанняў, звязаных з павялічэннем патоку нелегальных мігрантаў”.

Частка грошай будзе накіраваная на стварэнне цэнтраў часовага ўтрымання для замежных грамадзян, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу Беларусі з Еўразвязам. У беларускім МУС кажуць, што гаворка не вядзецца пра размяшчэнне ў Беларусі уцекачоў з Сірыі ды Паўночнай Афрыкі. У цэнтрах будуць знаходзіцца толькі нелегальныя мігранты, затрыманыя ў Беларусі. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што вялікай колькасці мігрантаў у Беларусі не будзе, а грашовая дапамога ЕЗ — крок да вырашэння пытання пра спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.

– Інфармацыя пакуль што скупая, але, магчыма, гэта якраз Еўразвяз ідзе насустрач і хоча дапамагчы Беларусі мець магчымасці для выканання гэтага пагаднення пра рэадмісію. Тады гэта цалкам лагічны і пазітыўны крок, які, магчыма, сапраўды падштурхне перамовы, якія сёння забуксавалі.

Менавіта непадпісанне дамовы пра рэадмісію, вяртанне на тэрыторыю Беларусі нелегальных мігрантаў, якія з яе тэрыторыі трапілі ў ЕЗ, спыніла працэс спрашчэння візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, якія адзіныя ва Усходняй Еўропе плацяць за шэнгенскія візы 60 еўра.

“Сітуацыя з мігрантамі і бежанцамі ў Беларусі сапраўды ўсё больш становіцца актуальнай,” – зазначае сябра праўлення цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend і валанцёр Міхась Мацкевіч:

– Гэтая сітуацыя – сакрэт палішынеля, як кажуць. Нібыта праблемы няма. Калі чалавек можа назіраць карціну, што цягам некалькіх месяцаў 400-500 чалавек з Берасця – чачэнцы ці прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў – ездзяць кожны дзень у польскі бок і вяртаюцца. Тады чалавек, які мае больш-менш крытычнае мысленне, павінен задацца пытаннем: дзеля чаго яны гэта робяць?

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Еўрапейская камісія прыняла рашэнне пра выдзяленне Беларусі сямі мільёнаў еўра для рэалізацыі ў краіне праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі „Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем патоку нелегальных мігрантаў”.

Як паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў, фінансаванне будзе выконвацца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення, якое павінна быць падпісанае паміж МУС, Еўрапейскай камісіяй і прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Беларусі. Яго праект ужо прадстаўлены на разгляд беларускаму боку.

Міжнародная тэхнічная дапамога пад рэалізацыю гэтага праекта будзе аказаная Еўрапейскім саюзам праз прадстаўніцтва МАМ у Менску. Партнёрамі МУС выступяць Дзяржпагранкамітэт, МЗС, прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі, а таксама асобныя беларускія грамадскія аб’яднанні, якія займаюцца пытаннямі аказання дапамогі найбольш уразлівым катэгорыям мігрантаў.

Адным з кірункаў працы ў межах праекта будзе стварэнне цэнтраў часовага ўтрымання замежных грамадзян. Пры гэтым гаворка ідзе толькі пра асобаў — незаконных мігрантаў, затрыманых у Беларусі, сірыйскія альбо іншыя бежанцы з ЕЗ у іх размяшчацца не будуць, падкрэслілі ў МУС.

Утрыманне незаконных мігрантаў плануецца ў перыяд правядзення неабходных працэдур, звязаных з ідэнтыфікацыяй асобы і/або дэпартацыяй. На дадзены момант у МУС і ДПК адсутнічаюць спецыялізаваныя памяшканні, прызначаныя для ўтрымання і працы з гэтай катэгорыяй грамадзян. Апошнія размяшчаюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання тэрытарыяльных АУС і ДПК.

Сфарміраваная рабочая група для арганізацыі работы па праекце. У яе ўвайшлі эксперты з МУС, ДПК і прадстаўніцтва МАМ у Беларусі.

Грашовыя сродкі прызначаюцца таксама і для садзеяння добраахвотнаму вяртанню замежнікаў з Беларусі ў дзяржавы, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, а таксама вырашэння шэрагу іншых задач.

Паводле БелаПАН