Беларусь атрымае ад РФ крэдыт на 600 млн даляраў



Беларусь атрымае ад Расеі дзяржаўны крэдыт для рэфінансавання плацяжоў. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Пра намер кіраўніка расейскай дзяржавы выдаць Менску дзяржаўны крэдыт да 600 млн даляраў паведаміў журналістам першы віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Антон Сілуанаў, перадае РБК.

Паводле яго слоў, гэтыя грошы пойдуць на рэфінансаванне плацяжоў у пагашэнне асноўнага доўгу па раней выдадзеных Масквой пазыках.

Сілуанаў таксама паведаміў, што да канца красавіка Беларусь можа атрымаць транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) на 200 млн даляраў.

Паводле слоў міністра фінансаў РФ, зараз абмяркоўваюцца працэдуры, неабходныя для падпісання міждзяржаўнага пагаднення.

Як паведамлялася, міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч 27 лютага сказаў журналістам, што Беларусь звярнулася да Расеі з просьбай аб выдзяленні крэдыту на 600 млн долараў для рэфінансавання раней выдадзеных пазык, аднак расійскі бок рашэнне пакуль не прыняў.

Паводле інфармацыі беларускага боку, сродкі на даванне такога крэдыту прадугледжваліся Расеяй у федэральным законе аб бюджэце на 2019 год. „Што да нашых стандартных механізмаў узаемадзеяння па адпрацоўцы крэдытнага пагаднення, то тут усё адпрацаванае, праект рашэння падрыхтаваны. Патрабуецца толькі прыняцце канчатковага рашэння на ўзроўні ўрада Расейскай Федэрацыі”, — дадаў ён.

Беларускія ўлады таксама спадзяваліся атрымаць сёмы транш крэдыту ЕФСР на 200 млн даляраў да канца першага квартала. „Улічваючы, што мы па сёмым траншы прадэманстравалі даволі высокі ўзровень выканання паказчыкаў, я лічу, што ў нас ёсць усе падставы разлічваць на станоўчае рашэнне савета фонду па яго выдзяленні”, — адзначыў кіраўнік Мінфіна. Ён падкрэсліў, што справаздача аб выкананні ўмоваў крэдыту ЕФСР накіраваная ў фонд: „Паводле маёй інфармацыі, папярэдняе заключэнне фонду гатовае”.

Пагадненне аб даванні фінансавага крэдыту са сродкаў ЕФСР Мінфін Беларусі і Еўразійскі банк развіцця, які кіруе сродкамі фонду, падпісалі 25 сакавіка 2016 года. Дакумент прадугледжвае выдзяленне 2 млрд даляраў на падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў урада і Нацыянальнага банка. Першы транш крэдыту ЕФСР на 500 млн даляраў паступіў у сакавіку 2016 года, другі, на 300 млн даляраў, — у ліпені 2016 года, трэці (300 млн) — у красавіку 2017 года, чацвёрты (300 млн) — у чэрвені 2017 года, пяты (200 млн) — у кастрычніку 2017 года, шосты (200 млн) — у кастрычніку 2018 года.

belapan.by