Уладзімір Мацкевіч: Спадзяванняў на Рыжскі саміт быць не павінна



“Вялікіх спадзяванняў на Рыжскі саміт Усходняга партнёрства быць не павінна”, – мяркуе палітолаг Уладзімір Мацкевіч. 21-22 траўня ў Латвійскай сталіцы мае прайсці сустрэча ўдзельнікаў праграмы Усходняга партнёрства.

У канчатковай дэкларацыі паводле Радыё Свабода, нягледзячы на чаканні, Украіна, Грузія і Малдова не атрымаюць яснага сігналу наконт шанцаў па далучэнні да Еўразвязу.

„Дзейнасць гэтай праграмы щжо паказвае, што яе вага для ЕС зніжаецца”, – кажа Уладзімір Мацкевіч:

– Можа ўвогуле паўстаць пытанне пра мэтазгоднасць захавання гэтай ініцыятывы Усходняга партнёрства, бо паразуменне паміж шасцю краінамі за час існавання амаль не дасягнута ніяк. Усе краіны будуюць свае стасункі з Еўравязам паасобку.

Праграма Усходняга партнёрства мела на мэце больш шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва шасці былых краінаў Савецкага саюзу з Еўразвязам.

У канчатковай мэце яна мела прывесці да ўвядзення бязвізавага рэжыму для грамадзянаў Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Украіны Малдовы і Беларусі.

Грузія, Україна і Малдова падпісалі дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Грамадзяне Малдовы таксама маюць магчымасць бязвізавага перамяшчэння па Еўропе.

* * *

 Беларусь атрымала раўнапраўнае запрашэнне на Рыжскі саміт. Пра гэта паведаміла прадстаўніца беларускага МЗС Марыя Ваньшына. Паводле яе, Аляксандр Лукашэнка цяпер мае вырашыць хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце ў латвійскай сталіцы.

Такія ж раўнапраўныя запрашэнні Беларусь атрымлівала і на ўсе папярэднія саміты Усходняга партнёрства, але Лукашэнкі ні разу на іх не ездзіў, кажа палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

– Ні разу Лукашэнка не даў зразумець, што ён ставіцца да гэтай ініцыятывы не тое што прыязна, але бачыць у ёй нейкую карысць для краіны. У сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў рэгіёне і расейска-украінскай вайной Лукашэнка крыху падвысціь свой статус ва Усходнім партёрстве. І гэтыя гульні, якія разгарнуліся па нібыта ўладкаванню адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам, могуць паспрыяць таму, што ён і сам туды наведаецца.

Уладзімір Мацкевіч пры гэтым адзначае, што на ўдзел ці ня ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў Рыскім саміце Усходняга партнёрства 21-22 траўня ўплывае таксама і пазіцыя Масквы.

На гэтым тыдні Расейскі МЗС чарговы раз раскрытыкаваў Усходняе партнёрства назваўшы яго непрыязным Расеі.

Праграма УП стартавала ў 2009 годзе пасля расейска-грузінскай вайны і накіраваная на павелічэнне супрацы Еўразвязу з шасцю ўсходне-еўрапейскімі і каўказскімі краінамі.

Апрача Беларусі ў праграму ўваходзяць Україна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя