Беларусь атрымала статус назіральніка ў Ціхаакіянскім альянсе



У ходзе сустрэчы Савета міністраў Ціхаакіянскага альянсу, якая адбылася ў Мехіка, міністры замежных спраў і гандлю Чылі, Калумбіі, Перу і Мексікі ўхвалілі ўступленне Сербіі, ААЭ і Беларусі ў альянс у якасці дзяржаў-назіральнікаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце беларускага пасольства ў Эквадоры.

Паведамляецца, што да гэтага статус назіральніка там мелі 55 дзяржаў, сярод якіх Аўстралія, Аўстрыя, Аргенціна, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грузія, Данія, Егіпет, Ізраіль, Індыя, Інданезія, Іспанія, Італія, Канада, Кітай, Літва, Нідэрланды, Польшча, Сінгапур, ЗША, Турцыя, Украіна, Францыя, Чэхія, Швецыя, Эквадор, Японія.

Ціхаакіянскі альянс з’яўляецца самым маладым у Лацінскай Амерыцы субрэгіянальным эканамічным саюзам (2012), чальцы якога — Мексіка, Калумбія, Перу і Чылі — аб’яднаны ідэяй глыбокай інтэграцыі дзяржаў-чальцоў і выкарыстання іх геаграфічнага становішча на ўзбярэжжы Ціхага і часткова (Мексіка і Калумбія) Атлантычнага акіянаў.

Краіны альянсу, якія рэалізуюць экспартную мадэль рыначнай эканомікі, імкнуцца ўсяляк развіваць свае знешнія сувязі і заваёўваць для сваіх тавараў максімальную колькасць рынкаў. Глыбокая інтэграцыя ў альянсе грунтуецца на блізкасці эканамічнай палітыкі і агульнасцю заканадаўчай базы: усе краіны звязаныя паміж сабой пагадненнямі аб свабодным гандлі, якія палягчаюць іх гандлёва-эканамічную інтэграцыю. Іх таксама аб’ядноўвае наяўнасць дамоў аб свабодным гандлі з ЗША, ЕЗ і цэлым шэрагам іншых краін.

Як паведамляецца, ужо сёння Ціхаакіянскі альянс уяўляе сабой адзін з найбольш буйных гандлёва-эканамічных блокаў у Лацінскай Амерыцы і мае рэальныя перспектывы для свайго далейшага пашырэння — Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Сінгапур ужо вядуць перамовы аб уступленні ў яго ў якасці асацыяваных чальцоў, Коста-Рыка разглядае магчымасць уступлення ў альянс у якасці паўнапраўнага чальца. У 2018 годзе сваю зацікаўленасць у далучэнні да гэтага інтэграцыйнага аб’яднання выказаў урад Эквадора.

„Атрыманне Беларуссю статусу назіральніка ў Ціхаакіянскім альянсе паляпшае для нашай краіны рамачныя ўмовы для нарошчвання супрацы, у першую чаргу эканамічнай, з чатырма дзяржавамі-чальцамі гэтага інтэграцыйнага аб’яднання — Мексікай, Калумбіяй, Перу і Чылі, а таксама з Лацінскай Амерыкай у цэлым”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце беларускага пасольства ў Эквадоры.

БелаПАН

Фота: alianzapacifico.net