Беларусь блакуе звадкаваны газ з Літвы ва Украіну



Улады Беларусі ўвялі блакаду транзіту звадкаванага газу ва Украіну.

6780031_4197095

Як паведаміла парталу kresy24.pl прадстаўнік літоўскай кампаніі, Менск не даў згоды  на транзіт праз тэрыторыю Беларусі газу з літоўскага марскога тэрмінала.

Літоўская кампанія „Klaipedos Nafta” паведаміла, што беларускі бок не пагадзіўся на транзіт газу праз сваю тэрыторыю з марскога тэрмінала ў Літве.

„У гэтым зацікаўлены і мы, і ўкраінскі бок. Ёсць магчымасці для такога транзіту, але мы атрымалі адмову”, – кажа прэс-сакратар літоўскай фірмы Індрэ Мілінэнэ (Indre Milinene).

Марэк Буцько з фонду „Свабода і дэмакратыя” лічыць, што такое рашэнне Лукашэнкі навязанае Крамлём, тым больш стала вядома, што Расея дасць Беларусі чарговы крэдыт:

– Лукашэнка на ўкраінскім крызісе спрабуе выгандляваць для сябе як найбольш. У нас была інфармацыя пра тое, што беларускія грузавікі масава вывозяць з Данбаса абсталяванне, вугаль – гэта значыць рабуюць Данбас падобна, як робяць гэта расейцы. Цяпер аказалася, што Лукашэнка таксама вырашыў зарабіць на энергетычнай блакадзе Украіны і не пагадзіўся на транзіт літоўскага звадкаванага газу з Літвы ва Украіну.  

Як адзначае Марэк Буцько, узамен за энергетычную блакаду Украіны Аляксандр Лукашэнка атрымае ў ліпені ад Уладзіміра Пуціна крэдыт у памеры 760 мільёнаў даляраў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mk.ru