Беларусь часова спыніла экспарт нафтапрадуктаў
Беларусь часова спыніла экспарт нафтапрадуктаў.
„Мы пацвярджаем часовае прыпыненне экспарту”, — паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.
Раней урадавае рашэнне аб прыпыненні адгрузкі нафтапрадуктаў на экспарт апублікаваў telegram-канал HARBACEVIČ.
„У мэтах забеспячэння патрэб народнай гаспадаркі і насельніцтва рэспублікі нафтапрадуктамі з 1 студзеня 2020 года прыпыніць адгрузкі з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на экспарт аўтабензінаў усіх марак, прамагоннага бензіну, нафрасу ўсіх марак, газы асвятляльнай, рэактыўнага паліва, дызельнага паліва, пячнога паліва, араматычных вуглевадародаў, мазуту топачнага, бітумаў нафтавых, змазачных масел, ЗВГ да асаблівага распараджэння канцэрна”, — сказана ў дакуменце.
1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты для Беларусі. 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя.
„Ідзе актыўная праца па ўсіх напрамках над заключэннем студзеньскіх кантрактаў. Пакуль Расея нам, на жаль, нічога не пастаўляе”, — паведамілі БелаПАН у „Белнафтахіме”.
Паводле слоў прадстаўніка канцэрна, нафтаперапрацоўчыя заводы функцыянуюць у штатным рэжыме. Яны знізілі загрузку да тэхналагічнага мінімуму і працуюць на ўнутраных запасах.
У сваю чаргу на дзяржаўным прадпрыемстве „Беларуснафта” паведамілі, што дэфіцыту аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку ў сувязі з прыпыненнем паставак расійскай нафты не чакаецца. І ўдакладнілі, што на гэты момант запасаў паліва хапае на 10 дзён для бесперабойнай працы.
„Калі скончыцца адгрузка з нафтаперапрацоўчых заводаў, то нам хапае на дзесяць дзён. Але адгрузка ж не заканчваецца. Заводы ніхто не спыняў. Яны працягваюць працу і грузяць нафтапрадукты на ўнутраны рынак у першачарговым парадку, таму ніякага дэфіцыту блізка не будзе”, — сказаў БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара „Беларуснафты” Сяргей Каморнікаў.
На наваполацкім заводзе „Нафтан” заявілі, што з продажам паліва ў іх пакуль усё ў парадку. „Да канца месяца ніякіх праблем не бачым”, — паведаміў БелаПАН намеснік гендырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей Хоміч.
У сваю чаргу на Мазырскім НПЗ заклікалі не паддавацца паніцы. „Панікі быць не павінна. Рэспубліка будзе забяспечаная нафтапрадуктамі. Перабояў не чакаем”, — сказаў БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Алег Пратасаў.