Беларусь дашле гуманітарную дапамогу Кубе
Пастановай Савета Міністраў ад 6 кастрычніка 2021 г. № 562 прадугледжвае аказанне гуманітарнай дапамогі Кубе на суму больш за 1 мільён рублёў.
У пераліку „матэрыяльных каштоўнасцяў для аказання гуманітарнай дапамогі Кубе” — розныя медпрэпараты, а таксама прадукты харчавання (мясныя кансервы і суцэльнае сухое малако), паведамляе агенцтва „Менск-Навіны”.
Гуманітарную дапамогу павінны вылучыць і аформіць Міністэрства аховы здароўя, МНС, Гродзенскі аблвыканкам. За дастаўку адказныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства транспарту.
Сродкі на гуманітарную дапамогу на агульную суму 1,023 млн рублёў вылучае Міністэрства фінансаў за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на выдаткі, звязаныя са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі.