Беларусь дэманструе саюзніцкі доўг у страту сваім знешнепалітычным інтарэсам



Беларускія незалежныя эксперты крытычна ўспрынялі пачатак беларуска-расейскіх вучэнняў “Захад-2017”, правядзенне якіх можа негатыўна адбіцца на іміджы Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасці.

Самі па сабе гэтыя вучэнні вялікай пагрозы для рэгіянальнай бяспекі ды бяспекі незалежнасці Беларусі не нясуць, кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

– Тут трэба глядзець на праблему больш комплексна. Сама па сабе тая замежная палітыка Расеі пасля Крыму – палітыка, якая арыентуецца на сілавыя спосабы дасягнення нейкіх палітычных мэтаў. Вось гэтая палітыка сапраўды нясе пагрозу і рэгіянальнай бяспецы, і Беларусі. Гэтыя вучэнні, я думаю, пройдуць і закончацца.

Па словах Валерыя Карбалевіча, беларускае кіраўніцтва ўдзелам у вучэннях “Захад-2017” яскрава дэманструе свету, што гатова ўлезці ў адзін акоп з краінай, якая ажыццяўляе агрэсіўную палітыку ў дачыненні да сваіх суседзяў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск