Беларусь – Еўразвяз: першае паседжанне ў Бруселі



Першае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь — ЕЗ пройдзе 6-7 красавіка ў Бруселі. Дэлегацыю Беларусі на мерапрыемстве ўзначальвае намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.

У пасяджэнні каардынацыйнай групы Беларусь – Еўразвяз прыме ўдзел Улад Вялічка з Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь». Пра гэта паведаміў палітолаг Уладзімір Мацкевіч. Іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, па наяўнай інфармацыі, на сустрэчу не запрасілі.

Уладзімір Мацкевіч распавёў, на што будзе зроблены ўхіл падчас перамоў намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, якая ўзначальвае беларускую дэлегацыю, з еўрачыноўнікамі:

– Невядомая павестка дня гэтай сустрэчы. З 29 пунктаў супрацы Беларусі з ЕЗ, пазначаных раней, будуць абмяркоўвацца 11 пытанняў. Большасць з іх тычыцца экалогіі, энергетыкі. З грамадска-палітычных пытанняў можа прадстаўляць цікавасць інстытуалізацыя праваабарончай дзейнасці. То бок, было б вельмі добра, каб паўстала пытанне пра ўтварэнне пасады амбудсмена ў Беларусі.

 

Напярэдадні сустрэчы ў Бруселі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што дзяржава плануе напоўніцу выкарыстаць новае акно магчымасцяў у дыялогу з Еўропай.

* * *

Кіраўнік беларускай дэлегацыі правядзе таксама шэраг двухбаковых сустрэч у органах кіравання Еўрапейскага звязу.

Каментуе Павел Севярынец:

– Прадстаўніца ЕЗ у Беларусі сказала, што гэта будуць рэгулярныя сустрэчы. І толькі калі будзе ўзаемная згода бакоў – Лукашэнкі і Еўропы, – могуць запрашаць на такія сустрэчы грамадзянскую супольнасць. Зразумела, рэжым ніколі не пагодзіцца на прысутнасць грамадзянскай супольнасці на гэтых перамовах. Таму пытанне можна лічыць закрытым. Еўрапейцы размаўляюць наўпрост з Лукашэнкам, а дэмакратычныя сілы застаюцца фактычна сам-насам з рэжымам. Тут наша задача, як кажуць, стаяць і спрабаваць зрабіць тое, што мы можам зрабіць.

Каардынацыйная група – гэта новы фармат для перамоў паміж афіцыйным Менскам і Бруселем, які прыйшоў на змену папярэдняму этапу кансультацый у дыялогу пра мадэрнізацыю.

Група будзе сустракацца два разы на год.

* * *

Афіцыйны Менск наладжвае стасункі з Еўразвязам. Сёння, 6 красавіка, у Бруселі пачнецца першае паседжанне каардынацыйнай групы, якое ачоліць намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына. Раней гучалі заявы з боку еўрапейскіх прадстаўнікоў, што грамадзянская супольнасць Беларусі таксама будзе прыцягвацца да дыялогу – калі гэта неабходна, і ёсць згода абодвух бакоў.

Палітолаг Юры Чавусаў лічыць, што неабходнасць такая існуе:

— З гледзішча міжнароднага права ўзаемадзейнічаць на міжнароднай арэне могуць толькі дзяржавы. Іншая справа, што з развіццём міжнародных стасункаў усё часцей і часцей дзяржавы пагаджаюцца выслухоўваць меркаванні арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Гэта пачалося ў ХХ стагоддзі і, вядома, гэта не робіць няўрадавыя арганізацыі паўнавартаснымі суб′ектамі, але даносіць нейкую інфармацыю і меркаванне тых народаў, якія ўзаемадзейнічаюць праз дзяржаву, але і апроч дзяржаўнай улады такая магчымасць ёсць.  

Пакуль жа грамадзянская супольнасць Беларусі не запрошана да ўдзелу ў пасяджэнні каардынацыйнай групы з Еўразвязам. Палітолаг кажа, што гэта тлумачыцца ў тым ліку і галоўнай тэмай гэтага пасяджэння:

— Прадметам абмеркавання якое ажыццяўляецца на гэтай пляцоўцы будзе хутчэй за ўсё развіццё ўзаемадзеяння па ліні Брусель-Менск у накірунку падыходу да падпісання паўнавартаснай дамовы паміж Беларуссю і ЕЗ. Беларусь адзіная краіна пры межах Еўразвяза, якая не мае паўнавартаснага пагаднення аб супрацоўніцтве з ЕЗ і ўзаемадзейнічае паводле шэрагу іншых дакументаў. Некаторыя з якіх былі заключаныя яшчэ ў савецкія часы паміж Еўрапейскімі супольнасцямі і Менскам.

«Дыялог – гэта, вядома, добра, — каментуе адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец. Але ён прыгадвае, што ўлады Беларусі настойваюць на тым, каб у перамовах з Еўразвязам не ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці:

— Гэта азначае толькі адно: усе грошы, якія дае Еўропа будуць прызначацца так званым гонга, гэта дзяржаўныя пад выглядам недзяржаўных арганізацыі, якія цяпер актыўна, як грыбы, растуць у кожным раёне. Праз гэта еўрапейскія грошы будуць ісці рэжыму, на патрэбы рэжыму. 

У той жа час прагучала заява Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць важным працягнуць лінію на поўную нармалізацыю адносінаў і паглыбленне супрацоўніцтва з Еўразвязам, з улікам нацыянальных інтарэсаў. Заява прагучала ў час пасяджэння ў пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносінаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя