Беларусь – Еўропа. Нарастанне палітычнага крызісу
Аляксандр Лукашэнка кажа, што нібыта Еўропа на яго пакрыўдзілася пасля інаўгурацыі. Такая яго рэакцыя на тое, што большасць еўрапейскіх краінаў, а таксама Канада і ЗША – не прызнаюць яго законным кіраўніком Беларусі:
– Мы нікога з заходніх краін не мусім папярэджваць. Гэта ўнутраная справа нашай краіны. На інаўгурацыю было запрошана каля двух тысяч чалавек, разам з ваеннымі, і захаваць гэта ў таямніцы практычна немагчыма.
Аляксандр Лукашэнка з самага пачатку разумеў, што еўрапейская супольнасць яго не падтрымае, з улікам таго, як ён правёў выбары ды якія загады аддаваў сілавікам у дачыненні да пратэстоўцаў, каментуе кіраўнік Руху „За свабоду» Юрась Губарэвіч, паводле якога, Лукашэнка арганічна ўспрымае такія навіны:
– І менавіта таму ён адмовіўся не тое што ад перамоваў, а нават ад кантактаў, спробаў нешта абмеркаваць з лідарамі заходняга свету. Для яго адзінай крыніцай падтрымкі зараз з’яўляецца Уладзімір Пуцін, які таксама не ёсць такім надзейным саюзнікам, бо мае ўжо даўнюю гісторыю крыўдаў і спрэчак з Лукашэнкам. Лінію заходняга свету ён хутчэй за ўсё ўспрымае арганічна, бо інакш яно быць і не можа.
Пакуль невядома, як гатовыя рэагаваць заходнія краіны. «Галоўнае, каб не атрымалася так, што ўжо праз некалькі месяцаў – заходнія дэмакратыі здадуць назад і будуць спрабаваць зноў наладзіць стасункі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі дзеля эканамічнай выгады», – пра гэта кажа Юрась Губарэвіч.
Латвія, Літва і Эстонія агучылі пашыраныя спісы пэрсанальных санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Але пытанне ўвядзенне санкцыяў на роўні ўсяго Еўрапейскага звяза падвісла ў Бруселі. Краіны-удзельніцы еўрапейскай садружнасці не дамовіліся пра адзінагалосную пазіцыю, супраць выступае Кіпр.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: РИА Новости