Беларусь гатова наладзіць дачыненні з ЕЗ і ЗША
Беларусь гатовая выбудоўваць дачыненні з ЕЗ і ЗША, але не на шкоду нацыянальным інтарэсам, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сённяшняй рабочай сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. „Апошнім часам мы канстатуем факт, што Еўрапейскі саюз, а таксама ЗША, можа, скрозь зубы, але неяк пачынаюць размаўляць з Беларуссю. Хачу публічна падкрэсліць, што ў нашы планы ні ў якім разе не ўваходзіць нейкае стварэнне дадатковай напружанасці з Еўрапейскім звязам. У нас і так хапае гэтай напружанасці, нам трэба разруліць гэтую сітуацыю, але не ва ўрон нашай краіне”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
На думку лідара Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоля Лябедзькі, афіцыйны Менск праводзіць ужо здаўна вядомую палітычную гульню.
– Беларусь спрабуе сядзець нават не на двух, а трох-чатырох крэслах адначасова. Вельмі шмат супярэчлівых заяў, бо Лукашэнка вымушаны ісці ў фарватары расейскай стратэгіі, расейскай палітыкі. Яго эканамічная, ваенная, палітычная залежнасць настолькі моцная, што ён фактычна васал. А разам з тым ён змагаецца за тое, каб павялічыць прастору для манёўраў.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з міністрам замежных спраў пытанні, звязаныя з сітуацыяй ва Украіне і станам эканамічнай супрацы з гэтай краінай.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота newsland.com