Беларусь і ЕЗ не падпішуць сёлета пагаднення аб прыярытэтах партнёрства



Беларусь гатова пачаць перамовы з ЕЗ пра заключэнне пагаднення аб партнёрстве і супрацы. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка 11 снежня журналістам у Менску.

„Мы гатовыя пачаць перамовы пра заключэнне базавага пагаднення, — сказаў ён. — Гэта пытанне (калі пачнуцца перамовы. — БелаПАН.) трэба задаць ЕЗ. Яны былі гатовыя ў значна меншай ступені. Але я з задавальненнем убачыў, што еўракамісар Ёханес Хан заявіў аб гатоўнасці пачаць абмеркаванне элементаў будучага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, калі ён сустракаўся з нашым прэм’ер-міністрам на беларуска-еўрапейскім інвестыцыйным форуме ў Люксембургу”.

Паводле слоў Краўчанкі, такая заява еўракамісара — „добры знак”. „Канкрэтнай дамоўленасці пра пачатак перамоваў яшчэ няма, але я з аптымізмам гляджу на гэту магчымасць”, — адзначыў намеснік кіраўніка беларускага МЗС.

На пытанне, ці будзе пагадненне з Беларуссю адрознівацца ад аналагічных пагадненняў ЕЗ з іншымі краінамі, Краўчанка адказаў: „Гэтага мы яшчэ не ведаем. Мы павінны будзем сесці за стол і паглядзець, што можа зрабіць ЕЗ, і што можам мы. Гэта будзе перамоўны працэс , таму пакуль рана пра гэта казаць”.

БелаПАН