Беларусь гатовая адправіць сваіх міратворцаў у Данбас
Беларусь гатовая адправіць сваіх міратворцаў у Данбас для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне. Пра гэта заявіў «Известиям» міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
„Мы не гонімся за нейкімі лаўрамі. Але гэта канфлікт у нашым рэгіёне, у нашай сям’і. У прамым сэнсе слова. Таму дадатковым спосабам дапамагчы канфліктуючым бакам можа стаць увод у Данбас міратворцаў – зразумела, у тым ліку і беларускіх. Пра гэта наш прэзідэнт казаў яшчэ ў 2014 годзе, і мы ад сваіх слоў не адмаўляемся „, – заявіў Макей.
Ён таксама адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ідэю пашырэння перамоўнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. „Што яшчэ можа дапамагчы? Кіраўнік беларускай дзяржавы даўно і адкрыта рэкамендаваў пашырыць фармат перамоваў, падключыць да яго пакуль нібыта «староннія», але на самой справе вельмі зацікаўленыя дзяржавы, у першую чаргу Злучаныя Штаты”, – сказаў кіраўнік беларускага МЗС.
У эксклюзіўным інтэрв’ю „Известиям” кіраўнік МЗС Беларусі таксама расказаў аб будучым уступленні краіны ў СГА, удзеле ў працэсе сірыйскага ўрэгулявання, рэалізацыі Менскіх пагадненняў і супрацьдзеянні экспансіі НАТА ў рэгіёне.