Беларусь гатовая супрацьстаяць нелегалам?
Беларусь гатовая да рызык, выкліканых нелегальнай міграцыяй, становішча ў краіне кіраванае, заявіў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка 5 лютага ў Менску перад пачаткам пасяджэння Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў дзяржаў — членаў АДКБ па пытаннях барацьбы з незаконнай міграцыяй.
Мельчанка адзначыў, што Беларусь не адчувае праблем з сірыйскімі бежанцамі. Паводле яго слоў, „доля сірыйскіх бежанцаў невялікая, 15 чалавек не робяць надвор’я”. Акрамя таго, падкрэсліў ён, уцекачы з Сірыі „больш-менш адаптаваныя да ўмоў жыцця ў краіне”.
На сённяшнім пасяджэнні каардынацыйнага савета абмяркоўваецца міграцыйная сітуацыя ў дзяржавах — членах АДКБ, у тым ліку ў сувязі з ваеннымі канфліктамі, што адбываюцца на міжнароднай арэне. Бакі праінфармуюць адзін аднаго аб практыцы прымянення заканадаўства сваіх краін па прыцягненні да адказнасці незаконных мігрантаў і тых, хто ім садзейнічае.
На парадку дня таксама разгляд пытання аб стварэнні сістэмы рэгулярнага абмену інфармацыяй аб міграцыйным становішча ў дзяржавах — членах АДКБ. Укараненне гэтай сістэмы дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць прагназавання рызык і пагроз, звязаных з магчымым павелічэннем колькасці мігрантаў з трэціх краін, лічаць у АДКБ.