Беларусь і Чарнагорыя плануюць спрасціць паездкі грамадзян
Беларусь і Чарнагорыя плануюць спрасціць узаемныя паездкі грамадзян. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, на гэта накіраваны адпаведны ўказ № 413 „Аб заключэнні міжнароднага дагавора”, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
З 2009 года паміж Беларуссю і Чарнагорыяй дзейнічае міжурадавае пагадненне, якое прадугледжвае бязвізавы ўезд, выезд і знаходжанне грамадзян аднаго боку на тэрыторыі іншай тэрмінам да 30 дзён.
„Цяпер наспела неабходнасць актуалізацыі палажэнняў гэтага пагаднення з мэтай спрашчэння ўзаемных паездак грамадзян, — гаворыцца ў паведамленні. — Мяркуецца адмова ад афармлення дакументаў, якія пацвярджаюць мэту такіх паездак (турыстычнага ваўчара, запрашэння, медыцынскай даведкі)”.
Заключыць пагадненне пра ўнясенне зменаў у дзейнае пагадненне плануецца шляхам абмену нотамі. Указам ухвалены адпаведны дакумент беларускага боку. Міністэрству замежных спраў даручана ажыццявіць неабходныя працэдуры па заключэнні пагаднення.