Беларусь і ЕЗ распрацуюць план дзеянняў па мытных пытаннях



 Беларусь і Еўрапейскі звяз дамовіліся распрацаваць план супрацоўніцтва па мытных пытаннях на 2020—2023 гады. Такое рашэнне было прынята 5 снежня ў Менску на чарговым пасяджэнні праектнай групы па рэалізацыі плана дзеянняў у межах дыялогу ЕЗ — Беларусь па мытных пытаннях на 2016—2019 гады, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі Дзірк Шубель, прадстаўнікі генеральнага дырэктарата па падаткаабкладанні і мытным саюзе Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскага бюро па барацьбе з махлярствам, прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, мытных службаў Беларусі, Італіі, Латвіі, Літвы, Славакіі, Польшчы, Фінляндыі, ФРГ, Чэхіі і Эстоніі.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні змены мытнага заканадаўства Беларусі і Еўразвяза, меры, якія прымаюцца мытнымі службамі ў сферы процідзеяння парушэнням заканадаўства, абмяняліся вопытам у сферы ўдасканалення транзітных сістэм, а таксама разгледзелі рэалізаваныя і перспектыўныя праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

„Удзельнікі адзначылі эфектыўнасць правядзення такіх сустрэч у кантэксце неабходнасці абмену перадавым вопытам у сферы мытнага адміністравання і пагадзіліся працягнуць працу ў гэтым кірунку, распрацаваўшы новы план дзеянняў у межах дыялогу ЕЗ — Беларусь па мытных пытаннях на 2020—2023 гады”, — паведамілі ў ДМК.

belapan.by