Беларусь і ЕЗ спросцяць візавы рэжым да 2 лютага 2020 года?
Пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам плануецца падпісаць да 2 лютага 2020 года, калі мусяць запрацаваць змены ў візавы кодэкс і шэнгенская віза падаражэе да 80 еўра. Пра гэта пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміла 22 ліпеня кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, перадае БелТА.
У выніку спрашчэння кошт шэнгенскай візы для беларусаў знізіцца да 35 еўра.
„Мы падпішам пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму. Я не магу назваць канкрэтную дату, але фактычна ўсе дакументы ўжо падрыхтаваныя і абодва бакі праходзяць неабходныя прававыя юрыдычныя працэдуры”, – сказала Андрэа Віктарын.
