Беларусь і Кітай увядуць узаемны бязвізавы рэжым
Беларусь і Кітай рыхтуюць да падпісання пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў, паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў у інтэрв’ю кітайскаму агенцтву Сіньхуа.
„Нягледзячы на прынятыя за апошнія гады крокі па спрашчэнні ўзаемнага візавага рэжыму, адной з перашкод для значнага нарошчвання аб’ёмаў турыстычных патокаў застаецца неабходнасць афармлення віз, — сказаў ён. — У сувязі з гэтым у межах Года турызму Беларусі ў Кітаі зараз рыхтуецца да падпісання пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў”.
Паводле слоў Кабякова, Беларусь стане адной з першых краін у Еўропе, якія падпішуць такі дагавор з КНР. „Няма сумненняў у тым, што ўзаемная адмена віз адкрые новыя магчымасці для супрацоўніцтва не толькі ў сферы турызму, але і ў гандлі, культуры, адукацыі і іншых галінах”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Ён адзначыў, што ў 2017 годзе Беларусь наведалі больш за 3,2 тысячы арганізаваных турыстаў з Кітая, што амаль у два разы больш, чым у 2016 годзе. „Па гэтым паказчыку госці з Кітая ўпершыню абышлі турыстаў з Германіі і Ізраіля, якія традыцыйна наведваюць Беларусь. Больш падарожнікаў прыязджае толькі з краін, з якімі ў нас ёсць агульная мяжа”, — падкрэсліў Кабякоў.
Паводле яго слоў, беларускія турыстычныя кампаніі актыўна ўдзельнічаюць у буйных турыстычных выставах у КНР і наладжваюць кантакты з кітайскімі калегамі. „Аднак сёння для прыцягнення турыстаў неабходна ў першую чаргу прасоўваць турыстычны прадукт на лічбавых пляцоўках, — сказаў кіраўнік урада. — Таму пры падтрымцы нашага пасольства ў Кітаі ўжо адбыліся альбо рыхтуюцца да запуску некалькі праектаў з тэлеканаламі і інтэрнэт-пляцоўкамі Кітая. Спадзяемся, што на аснове новых рэкламных фарматаў мы зможам лепш пазнаёміць з нашай краінай кітайскіх турыстаў, у якіх з’явіцца жаданне прыехаць да нас у госці”.
Кабякоў таксама падкрэсліў, што Беларусь ужо дасягнула пэўных поспехаў у забеспячэнні абслугоўвання ў фармаце China-friendly: ёсць установы, дзе абслугоўванне вядзецца на кітайскай мове, указальнікі ў нацыянальным аэрапорце Менск дубляваныя на кітайскую мову, а ў некаторых месцах існуе магчымасць скарыстацца для аплаты картай UnionPay. Для зручнасці кітайскіх турыстаў прапрацоўваецца магчымасць паўсюднага ўкаранення аўтаматаў для прыёму карт UnionPay, удакладніў прэм’ер-міністр.
belapan.by