Беларусь і Нарвегія маюць намер спрасціць візавы рэжым
Беларуска-нарвежскія кансультацыі паміж МЗС прайшлі 28 студзеня ў Осла, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
Папярэднія кансультацыі адбыліся ў снежні 2018 года ў Менску.
Беларускую дэлегацыю на перамовах узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, нарвежскую — дзяржаўны сакратар МЗС Аўдун Халварсен.
З улікам нядаўняга падпісання пагадненняў паміж Беларуссю і Еўразвязам аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі дасягнутая дамоўленасць аб падрыхтоўцы ў максімальна сціслыя тэрміны аналагічных дакументаў паміж Беларуссю і Нарвегіяй. „Бакі таксама віталі мэтанакіраваныя намаганні профільных ведамстваў дзвюх краін па ўзгадненні праекта пагаднення аб узаемадзеянні паміж нацыянальнымі органамі па ядзернай бяспецы”, — адзначаецца ў паведамленні.
У межах кансультацый працягнуты дыялог па актуальных пытаннях беларуска-нарвежскіх адносін, уключаючы стан і перспектывы развіцця палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, фармавання дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, у першую чаргу ў АБСЕ і ААН. Падчас перамоў былі разгледжаныя пытанні рэгіянальнага парадку дня і міжнароднай бяспекі, развіцця адносін з Еўрапейскім Звязам, Саветам Еўропы, трэцімі краінамі.
„Адзначаная значная актывізацыя беларуска-нарвежскага ўзаемадзеяння ў апошнія гады, у тым ліку ў галіне гандлю, — падкрэслівае прэс-служба. — Бакі канстатавалі ўзаемавыгадны і збалансаваны характар тавараабароту, падкрэслілі намер сумеснымі намаганнямі вырашаць узніклыя праблемы, а таксама выкарыстоўваць існыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва”.
Напярэдадні кансультацый Краўчанка выступіў на беларуска-нарвежскім бізнес-снеданні. Асноўнай тэмай мерапрыемства, арганізаванага пры садзейнічанні кампаніі IBA Group, стаў экспарт беларускіх IT-паслуг у Нарвегію. У сустрэчы ўзялі ўдзел прыблізна 50 прадстаўнікоў дзелавых колаў Нарвегіі, у тым ліку кіраўніцтва Нарвежскага інвестыцыйнага фонду для Паўночна-Захаду Расеі і Усходняй Еўропы.
У прысутнасці намесніка кіраўніка МЗС Беларусі і паслоў дзвюх краін адбылася цырымонія падпісання пратакола аб супрацоўніцтве паміж Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй і нарвежскай кампаніяй Nordic Molecule Group AS у галіне вытворчасці і рэалізацыі камбікармоў для рыб і іншай біятэхналагічнай прадукцыі.