Беларусь і Польшча ўзнавілі перамовы пра малы памежны рух
У Менску адбылося IX пасяджэнне Беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнай супрацы.
Разгледжаны шырокі спектр пытанняў беларуска-польскага ўзаемадзеяння, у тым ліку памежная і міжрэгіянальная супраца, пытанні тэрытарыяльнага планавання, пунктаў пропуску і інфраструктуры беларуска-польскай мяжы. Камісія працавала пад кіраўніцтвам намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандрам Гур’янавым і першым намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы Пятром Стаханьчыкам.
– Была размова таксама пра памежныя пераходы, пра тое, якія ўскладаем спадзевы на іх, што павінна ў такім выпадку быць. Трэба палепшыць арганізацыю руху, увесці пункты пропуску на мяжы для пешаходаў. І тут вельмі важная рэч – гэта найперш умова, а пасля – будова і перабудова мастоў, якія альбо старыя, альбо іх мусіць быць больш.
Перамовы паміж Варшавай і Менскам па справах транспамежнай супрацы ўзнавіліся амаль праз 5 гадоў, бо папярэдняя такая сустрэча адбылася яшчэ ў верасні 2009 года.
* * *
Беларусь пакуль не называе тэрміны ўваходжання ў сілу пагаднення пра малы памежны рух з Польшчай. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў пасля IX пасяджэння Беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнай супрацы ў Менску 15 ліпеня.
Паводле слоў Гур’янава, цяпер назіраецца пэўнае паляпшэнне дачыненняў паміж Беларуссю і Польшчай. Акрамя таго, дадаў ён, пытанне пра ўвядзенне пагаднення ў дзеянне ставяць рэгіёны. „Але мы хочам быць гатовымі да гэтага працэсу. Пакуль тэрміны ўводу не абмяркоўваем”, — заявіў намеснік міністра.
– Патэнцыйны памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю ахоплівае больш за 1,5 мільёна чалавек. Таму мы звярнулі ўвагу і зрабілі акцэнт у працы нашых падкамісій на тое, што для запуску такога руху павінны быць створаны максімальна эфектыўныя ўмовы, у тым ліку інфаструктурныя. Адзначым, што сёння малы памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю будзе разлічаны на значны двухбаковы міжнародны паток, які праходзіць праз польска-беларускую мяжу, і мы павінны быць гатовы да гэтага.
На пасяджэнні бакі абмяркоўвалі тры новыя пагадненні: адноўленую дамову пра рэжым сумеснай мяжы, дамову пра ўзаемадзеянне бакоў на выпадак надзвычайных сітуацый і дамову пра сумесную эксплуатацыю аўта- і чыгуначных мастоў на мяжы.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле БелаПАН