Беларусь і Польшча абмеркавалі, як размарозіць пагадненне аб малым памежным руху



Для Беларусі важная падтрымка польскіх партнёраў пры прыцягненні сродкаў з еўрапейскіх фондаў для рэалізацыі перспектыўных праектаў, у тым ліку ў сферы транспамежнага супрацоўніцтва, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў 7 снежня, адкрываючы 13-е пасяджэнне беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнага супрацоўніцтва.

„Менавіта такая падтрымка дазваляе нам больш прадметна абмяркоўваць увядзенне ў дзеянне міжурадавага дагавора аб малым памежным руху, — сказаў Шастакоў. — Адзначу, што на гэты момант беларускі бок вельмі ўважліва аналізуе ў тым ліку эканамічныя наступствы гэтага кроку. Звяртаю ўвагу на тое, што з улікам патоку грамадзян у абодвух напрамках у цяперашні час прапускная здольнасць беларуска-польскай мяжы балансуе на грані”.

Паводле слоў Шастакова, для бакоў вельмі важна дэталёва ацаніць гатоўнасць памежнай інфраструктуры да працы пасля ўваходжання пагаднення ў дзеянне, калі колькасць перасячэнняў мяжы яшчэ больш вырасце. „Міжнародная фінансавая падтрымка тут вельмі запатрабаваная. Бо эфектыўнае функцыянаванне беларуска-польскай мяжы адпавядае не толькі нашым двухбаковым інтарэсам, гэта перш за ўсё і ў інтарэсах дзяржаў ЕС і ЕАЭС”, — сказаў намеснік міністра.

Шастакоў таксама заявіў, што Беларусь разлічвае „на адпаведную падтрымку і гучны важкі голас Польшчы” адносна беларускай пазіцыі ў працэсе перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС. „Хацеў бы асабліва адзначыць, што Беларусь у аднабаковым парадку спрасціла магчымасць паездак грамадзян для больш як 80 краін, уключаючы краіны ЕС, даўшы ім магчымасць бязвізавага ўезду праз нацыянальны аэрапорт Менск да 30 дзён”, — сказаў чыноўнік.

Гаворачы аб сённяшнім пасяджэнні, ён адзначыў, што Беларусь разглядае гэтую камісію „ў якасці аднаго з ключавых інструментаў у справе забеспячэння пастаяннага дыялогу спецыялістаў абедзвюх краін для каардынацыі дзеянняў па развіцці прымежных рэгіёнаў Беларусі і Польшчы, нармальнага функцыянавання нашай сумеснай дзяржаўнай мяжы, прадухілення надзвычайных здарэнняў, а таксама фармавання пояса добрасуседства і забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці”.

„Мы адзначаем станоўчую дынаміку ў працоўных кантактах з польскімі партнёрамі з прыцягненнем зацікаўленых колаў і структур з абодвух бакоў. Важна, што ўсталяванае падчас мінулых пасяджэнняў працоўнае ўзаемадзеянне, а таксама давер і паразуменне паміж нашымі краінамі дапамагаюць праводзіць работу ў звычайным рэжыме, — сказаў Шастакоў . — Мы разлічваем на працяг супрацоўніцтва рэгіянальных адміністрацый, гандлёва-прамысловых палат, бізнес-асацыяцый, навучальных устаноў, на прадметную рэалізацыю пагадненняў паміж гарадамі-пабрацімамі”.

Паводле слоў Шастакова, у пачатку 2019 года плануецца сустрэча падкамісіі па пунктах пропуску і інфраструктуры. „Працяг яе працы дасць магчымасць зняць значны аб’ём пытанняў, якія ўзнікаюць на мяжы”, — адзначыў ён.

Намеснік міністра паведаміў, што зараз бакі рыхтуюць да падпісання прыблізна 10 двухбаковых дагавораў трансмежавай тэматыкі. „І мы будзем імкнуцца да таго, каб забяспечыць іх падпісанне найбліжэйшым часам, — заявіў Шастакоў. — Тады мы створым сапраўды трывалы юрыдычны падмурак для мадэрнізацыі памежнай інфраструктуры, а значыць, і паляпшэння гандлёвага і інвестыцыйнага клімату ў прымежных рэгіёнах, што, безумоўна, дасць магчымасць палепшыць транзітны патэнцыял нашых краін. Бо інвестыцыі ў інфраструктуру мяжы — гэта інвестыцыі ў будучыню рэгіёнаў, іх росквіт, рэалізацыю іх транспартна-лагістычнага, турыстычнага, экалагічнага патэнцыялу”.

belapan.by

Фота tut.by