Беларусь і Польшча плануюць заключыць міжпарламенцкае пагадненне аб супрацоўніцтве



Міжпарламенцкае пагадненне аб супрацоўніцтве Беларусь і Польшча плануюць заключыць пасля правядзення ў абедзвюх краінах парламенцкіх выбараў, паведаміў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў Пірштук журналістам 22 жніўня перад пачаткам сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў з дэлегацыяй польскага сейма.

„Я вельмі спадзяюся, што пасля выбараў у парламент, якія пройдуць як у Польшчы, так і ў Беларусі, у нас захаваюцца групы беларуска-польскай дружбы, і мы выйдзем на падпісанне міжпарламенцкага пагаднення. Гэта таксама будзе асновай, якая падмацоўвае нашы намеры, дакумент. І ён будзе спрыяць развіццю напрацовак, якія былі дасягнуты на працягу апошніх трох гадоў”, — сказаў ён.

Як адзначыў Пірштук, праект пагаднення ўжо распрацаваны. Цяпер, паводле яго слоў, ён у працэсе абмеркавання. „Я вельмі спадзяюся, што калі сфарміруецца новы склад [парламента], рабочыя групы, мы яго адразу, без раскачкі, прымем. Аднак гэта будзе ўжо наступны год”, — растлумачыў намеснік старшыні ніжняй палаты.

Нагадаем, у Польшчы выбары пройдуць у кастрычніку гэтага года, у Беларусі — у лістападзе.

Паводле слоў Пірштука, у Беларусі і Польшчы „выдатныя ўмовы для супрацоўніцтва і магчымасці працаваць больш эфектыўна”.

Ён падкрэсліў, што на працягу апошніх трох гадоў паміж дзвюма дзяржавамі ўсталяваліся „рэгулярныя і даверлівыя адносіны, чаго не было раней шмат гадоў”. „Вельмі добры кантакт у нас на міжнародных пляцоўках. У апошні час у нас асабліва поўнае разуменне ў парламенцкай асамблеі АБСЕ, дзе мы падтрымліваем адзін аднаго па розных тэмах, у тым ліку па вострых пытаннях. Прыемна адзначыць, што ў такой для нас няпростай арганізацыі, як парламенцкая асамблея Савета Еўропы, у нас з Польшчай таксама поўнае разуменне і падтрымка. Гэта сведчыць аб тым, што мы пераадолелі той штучны бар’ер, які, на жаль, некаторы час быў”, — сказаў Пірштук.

Парламентарый адзначыў таксама „нядрэннае развіццё адносін у эканоміцы”. „Польшчай укладзена каля 400 млн еўра прамых інвестыцый у эканоміку Беларусі. Гэта не проста грошы, гэта новыя тэхналогіі, новыя вытворчасці, прычым у розных сферах. Нягледзячы на тое што тавараабарот у нас не маленькі, патэнцыял нашмат вышэйшы”, — дадаў ён.

Дэпутат таксама адзначыў важнасць развіцця міжрэгіянальных сувязяў: „Я ўпэўнены, што спорт, культура, адукацыя і рэгіянальныя сувязі — гэта фундамент нашай народнай дыпламатыі, які дазволіць нарасціць у тым ліку эканамічны патэнцыял”.

Пірштук паведаміў, што на перамовах у Менску з польскімі калегамі плануецца абмеркаваць пытанне правядзення ў Кракаве III Еўрапейскіх гульняў. „Нашым калегам вельмі важна і карысна вывучыць і пераняць наш вопыт. Гэта не проста спорт. Гэта эканоміка, гэта турызм. У гэтым сэнсе мы глыбока перакананыя, што наш турыстычны патэнцыял яшчэ вельмі слаба выкарыстоўваецца. Пашырэнне бязвізавага знаходжання на тэрыторыі Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей да 15 сутак, безумоўна, дасць магчымасць узмацніць нашы пазіцыі ў турызме”, — сказаў ён.

У сваю чаргу кіраўнік польскай дэлегацыі, віцэ-маршал сейма Польшчы Рышард Цярлецкі адзначыў, што задаволены, як развіваецца Беларусь. „Калі сусед становіцца багацейшым, гэта не можа нас не радаваць”, — сказаў ён.

Паводле слоў польскага парламентарыя, у ходзе перамоў з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў плануецца абмеркаваць далейшае развіццё супрацоўніцтва з ніжняй палатай беларускага парламента.”У складзе дэлегацыі намеснік міністра спорту і турызму Польшчы Яцэк Осух. Будзем гаварыць пра II Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў Мінску. Гэта важная для нас частка, мы хочам, каб у Польшчы Еўрапейскія гульні прайшлі гэтак жа добра, як у Менску”, — сказаў Цярлецкі.

Таксама, паведаміў ён, дэлегацыя наведае паўночны ўсход Беларусі. У пасёлку Нарач яна прыме ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі польскаму эканамісту і грамадскаму дзеячу, жонцы восьмага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага Марыі Качыньскай, якая загінула разам з мужам у авіякатастрофе пад Смаленскам. Польскія парламентарыі таксама наведаюць могілкі, дзе пахаваныя польскія салдаты, якія загінулі ў вайне 1920 года. Запланаваны шэраг сустрэч з мясцовымі ўладамі Мядзельскага (Менская вобласць) і Глыбоцкага (Віцебская вобласць) раёнаў.

„Мы будзем там гаварыць пра вельмі важную для Беларусі і Польшчы галіну эканомікі — турызм. Ён павінен развівацца ў інтарэсах абедзвюх краін. У сувязі з гэтым мы з радасцю прынялі вестку пра тое, што пашыраюцца магчымасці для бязвізавага наведвання некаторых рэгіёнаў Беларусі”, — заявіў польскі парламентарый.

БелаПАН