Беларусь і Расея абмяркоўваюць дарожныя карты інтэграцыі
Расея і Беларусь абмяркоўваюць дарожныя карты і этапы інтэграцыі. Пра гэта 9 ліпеня заявіў журналістам прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.
„Ёсць пэўная паслядоўнасць дзеянняў і ёсць пэўны набор дарожных карт, які ўжо даўно прапрацоўваецца”, – адзначыў ён.
Пяскоў нагадаў, што ў саюзнай дамове Беларусі і Расеі пазначана „пэўная паслядоўнасць і этапнасць дзеянняў па інтэграцыі”. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна падкрэсліў, што інтэграцыйныя тэмы „знаходзяцца і знаходзіліся на парадку дня, яны абмяркоўваюцца на самым розным роўні”.
Тэму інтэграцыі закранулі падчас нядаўняй сустрэчы пад Ржэвам Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, але падрабязнасці невядомыя.
Фота: РИА Новости
