Беларусь і Расея аднавілі дыялог па дарожных мапах
Масква і Менск аднавілі дыялог па інтэграцыйных дарожных мапах. Пра гэта паведаміў журналістам пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка ў кулуарах Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі 29 верасня ў Менску, перадае РИА Новости.
На пытанне, ці аднавілі Беларусь і Расея абмеркаванне пытанняў паглыбленай інтэграцыі, ён адказаў: „Можна так сказаць”.
Сямашка таксама паведаміў, што нядаўна першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў наведаў Маскву, дзе абмяркоўваў прынцыпы працы дарожных карт з віцэ-прэм’ерам Расіі па пытаннях еўразійскай інтэграцыі Аляксеем Аверчуком.
Нагадаем, у 2019 годзе расійскае кіраўніцтва выступіла з ініцыятывай паглыблення эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю. Ведамствы дзвюх краін падрыхтавалі 30 дарожных карт аб развіцці ўзаемадзеяння па розных кірунках. Дарожныя карты былі парафіраваныя 6 верасня 2019 года прэм’ер-міністрамі дзвюх краін, аднак іх не апублікавалі.
У лютым 2020 года Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з калектывам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, заявіў, што праца над дарожнымі картамі інтэграцыі будзе працягнутая. „Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага”, — сказаў ён. Паводле слоў Лукашэнкі, стварэнне наднацыянальных органаў і іншых аб’яднанняў, што было прадугледжанае апошняй (31-й) дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. „Чыста эканамічныя пытанні па інтэграцыі”, — запэўніў ён.
Увесну гэтага года на фоне пандэміі і складанай эпідэміялагічнай сітуацыі перамовы паміж Беларуссю і Расіі па дарожных картах былі прыпыненыя.
Фото: sputnik.by