Беларусь і Расея працягваюць працу над стратэгіяй інтэграцыі
Перамовы ўрадавых дэлегацый Беларусі і Расеі праходзяць сёння, 11 сакавіка, ў Маскве пад старшынствам прэм’ер-міністраў Сяргея Румаса і Міхаіла Мішусціна. У складзе беларускай дэлегацыі – беларускі пасол у Расеі Уладзімір Сямашка, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, ды старшыня «Белнафтахіма» Андрэй Рыбакоў. Абмяркоўваюцца пытанні паставак расейскай нафты, сітуацыя з гандлем і развіццё еўразійскай інтэграцыі. Расейцы ж нагадалі беларускай дэлегацыі пра інтэграцыйныя мапы.
Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– Паказальна, што сёння сустракаліся два прэм’еры, Сяргей Румас і Міхаіл Мішусцін. І калі Румас найперш пра энерганосьбіты казаў, хацеў таннейшай нафты, то Мішусцін адразу падкрэсліў, што нам трэба паглыбляць інтэграцыю. Так што Расея ад гэтых дарожных мапаў не адмовілася, і яна найперш будзе даціскаць беларускі бок цераз эканоміку.
Беларускі прэмʼер Сяргей Румас таксама адзначыў, што прэзідэнтамі краін пастаўлена задача падрыхтаваць дакументы па стратэгіі інтэграцыі.
Якраз гэтыя спрэчныя моманты і абмяркоўваюць дэлегацыі. Плануецца, што 10 красавіка дакумент павінен быць узгоднены і ўнесены на разгляд кіраўнікам Беларусі і Расеі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя