Беларусь і Савет Еўропы распрацуюць дарожную карту па адмене смяротнага пакарання
Беларусь і Савет Еўропы распрацуюць дарожную карту па адмене смяротнага пакарання, паведаміла журналістам кіраўнік аддзела каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і захаванні законнасці СЕ Таццяна Тэрмачыч перад пачаткам канферэнцыі „Грамадская думка і смяротнае пакаранне” 27 жніўня ў Менску. Канферэнцыя арганізаваная рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання сумесна з Саветам Еўропы. У ёй удзельнічаюць беларускія парламентарыі, прадстаўнікі сакратарыята СЕ, дзяржаўных органаў і арганізацый, структур грамадзянскай супольнасці і эксперты.
„Сёння мы збіраемся абмеркаваць пытанні фарміравання грамадскай думкі ў Беларусі наконт адмены смяротнай кары, — сказала Тэрмачыч. — У прынцыпе, для адмены смяротнага пакарання не патрабуецца таго, каб грамадскасць падтрымлівала такое меркаванне, аднак для ўладаў Беларусі патрэбна падтрымка з боку грамадскасці для прыняцця такога рашэння”.
„Пакуль гаворка ідзе аб выпрацоўцы сумеснай дарожнай карты, — дадала яна. — Ці трансфармуецца гэта далей непасрэдна ў канкрэтныя кампаніі з боку СМІ ці не — гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца пазней, можа быць, у тым ліку падчас гэтага мерапрыемства. Важна, каб тыя , хто можа прымаць рашэнні, сапраўды маглі прымаць адпаведныя рашэнні і падтрымлівалі ідэю адмены пакарання смерцю”.
Прадстаўнік Савета Еўропы нагадала, што ў Беларусі „існуе працоўная група па абмеркаванні праблематыкі адмены смяротнай кары на чале з беларускімі парламентарыямі”, і вельмі важна, каб „яна займала ясную пазіцыю на карысць адмены смяротнай кары”. „Гэта тое, да чаго беларуская дзяржава і павінна імкнуцца. Аднак, вядома, у вас ёсць свае метады, падыходы, вам трэба час для вырашэння гэтага пытання”, — прызнала Тэрмачыч.
Яна нагадала, што ў 1996 годзе ў Беларусі прайшоў рэферэндум, падчас якога большасць грамадзян выказаліся ў падтрымку смяротнага пакарання. „Але гэта было даўно. Усе людзі, якім цяпер менш за 41 год, не ўдзельнічалі ў тым рэферэндуме. Больш за тое, нямала удзельнікаў рэферэндуму ўжо памерла. Таму застаецца адкрытым пытанне аб тым, якое актуальнае меркаванне грамадскасці Беларусі. Гэта пытанне трэба высветліць”, — сказала прадстаўнік СЕ.
„Былі і іншыя даследаванні, у прыватнасці Penal Reform International праводзіла даследаванне ў 2013 годзе. Яшчэ адно даследаванне было ў 2017 годзе. Яны выявілі, што колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання зменшылася, хоць у цэлым іх цяпер, відаць, усё ж больш за палову”, — адзначыла Тэрмачыч.
Паводле яе слоў, у гістарычнай практыцы грамадская думка „не з’яўлялася падставай для палітычных уладаў ці нейкім стымулам адмяняць смяротнае пакаранне”, аднак у Беларусі „на яе звяртаюць увагу”. „Месца для смяротнага пакарання ў XXI стагоддзі ў сусветнай судовай практыцы проста няма. Трэба пераходзіць на аднаўленчую або рэстаратыўную сістэму, дзе адпаведная ўвага надаецца як тым, хто здзейсніў злачынства, так і ахвярам. Менавіта такая канцэпцыя і патрэбна”, — падсумавала Тэрмачыч.
28 лютага на пасяджэнні секцыі па праблеме прымянення выключнай меры пакарання ў Беларусі ў рамках 7-га Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Бруселі кіраўнік парламенцкай рабочай групы па вывучэнні смяротнага пакарання як інструмента пакарання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч даў зразумець, што беларускія ўлады не маюць намеру адмяняць смяротнае пакаранне сваім палітычным рашэннем і будуць чакаць, калі праціўнікаў гэтага віду пакарання ў грамадстве стане больш, чым прыхільнікаў.
Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання.
Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў Беларусі быў прыведзены ў выкананне як мінімум адзін смяротны прысуд. 13 чэрвеня стала вядома пра чарговы расстрэл — пакаралі смерцю Аляксандра Жыльнікава, якога разам з Вячаславам Сухаркам прызналі вінаватым па справе аб забойстве трох чалавек. Пра лёс Сухаркі нічога не вядома, праваабаронцы не выключаюць, што прысуд у дачыненні да яго таксама можа быць ужо выкананы.
Чарговы смяротны прысуд вынес 30 ліпеня Віцебскі абласны суд — жыхар Віцебскага раёна Віктар Паўлаў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Гэта ўжо другі смяротны прысуд з пачатку 2019 года: 9 студзеня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да пакарання смерцю жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча, прызнанага вінаватым у двайным забойстве пры абцяжарваючых абставінах.