Беларусь і Турцыя падпісалі пагадненне ў сферы адукацыі
Беларусь і Турцыя падпісалі міжурадавае пагадненне ў сферы адукацыі, паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі Беларусі.
Дакумент быў падпісаны 16 красавіка падчас візіту ў Анкару беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пагадненне прадугледжвае ўстанаўленне і развіццё двухбаковых сувязяў паміж установамі адукацыі абедзвюх дзяржаў, абмен вопытам у галіне развіцця сістэмы адукацыі, выкарыстання новых тэхналогій, што прымяняюцца ў адукацыі, абмен студэнтамі і педагагічнымі, навуковымі работнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі; інфармацыяй аб узаемным прызнанні дакументаў аб навучанні, дакументаў аб адукацыi i дакументаў аб вучоных ступенях, выдзяленне месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі і адукацыі пасля ВНУ ва ўстановах абедзвюх дзяржаў.
„Падпісанне пагаднення дасць магчымасць стварыць неабходныя прававыя падставы для пашырэння і паглыблення кантактаў паміж краінамі па ўсім спектры напрамкаў адукацыйнай дзейнасці, прыцягненні турэцкіх грамадзян на навучанне ў Беларусі”, — адзначае прэс-служба Мінадукацыі.
Кіраўнік ведамства Ігар Карпенка знаходзіцца ў Анкары з 15 красавіка. Ён наведаў Савет па вышэйшай адукацыі Турэцкай Рэспублікі, а 16 красавіка правёў перамовы з міністрам нацыянальнай адукацыі Турцыі Зіяй Сельчуком.
Міністры абмеркавалі прававыя асновы двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі, перспектывы развіцця прамых кантактаў паміж ўстановамі адукацыі Беларусі і Турцыі, удзел на ўзаемнай аснове спецыялістаў і навучэнцаў у мерапрыемствах, накіраваных на дэманстрацыю адукацыйнага, навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу абедзвюх краін.