Беларусь і Украіна правядуць кансультацыі паміж МЗС
Беларусь і Украіна пасля значнага перапынку правядуць кансультацыі паміж МЗС. Яны пройдуць 26 лютага ў Менску, паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліць першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, украінскую — намеснік кіраўніка МЗС Васіль Боднар.
„У парадак дня ўключаныя актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах, — сказаў Мірончык. — Таксама бакі абмяркуюць ход падрыхтоўкі маючых адбыцца сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца ў гэтым годзе у Гомелі”.
На ўдакладняючае пытанне, ці плануецца абмеркаванне ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе і магчымы ўвод міратворцаў, Мірончык сказаў: „Палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў таму так і называюцца, што маюць самы шырокі парадак дня. Мы ніяк не абмяжоўваем нашых украінскіх партнёраў у тых пытаннях, якія мы гатовыя абмяркоўваць з імі”.
Што тычыцца міратворцаў, то над гэтай ідэяй „трэба працаваць усім, каго шчыра цікавіць замірэнне ва Украіне і рэгіёне”, падкрэсліў прэс-сакратар.
Мірончык таксама дадаў, што Украіна была і застаецца для Беларусі адным з найважнейшых палітычных і гандлёва-эканамічных партнёраў. У 2017 годзе актыўна ажыццяўляўся дыялог на вышэйшым узроўні, працавала беларуска-ўкраінская міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. „За мінулыя два гады нам удалося пераадолець тэндэнцыю зніжэння тавараабароту, якая назіралася з 2013 года. У 2017 годзе аб’ём двухбаковага гандлю павялічыўся амаль на 20% да 4,6 млрд. долараў. У выніку па тавараабароце і экспарце Украіна заняла другое месца сярод усіх гандлёвых партнёраў Беларусі”, — сказаў Мірончык.
Паводле яго слоў, Беларусь зыходзіць з таго, што правядзенне кансультацый паміж МЗС дазваляе аднавіць практыку аператыўнага ўзаемадзеяння знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.