Беларусь і В’етнам падпісалі праграму супрацоўніцтва



Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў В’етнам бакі падпісалі праграму супрацоўніцтва ў эканоміцы, навуцы і культуры на 2016—2018 гады, паведаміў тэлеканал СТВ.

[youtube id=”a8zyKNSOQoU”]

Акрамя таго, заключанае пагадненне аб навучанні грамадзян В’етнама ў ВНУ Беларусі, падпісаны план супрацоўніцтва ў сферы турызму, дарожная карта развіцця ўзаемадзеяння паміж акадэміямі навук дзвюх краін. Дакументы падпісаныя паводле вынікаў перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам В’етнама Чыонг Тан Шангам.

„Мы яшчэ раз заяўляем, што В’етнам з’яўляецца самым надзейным нашым сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі і, калі жадаеце, такім плацдармам, з якога мы гатовыя супрацоўнічаць з іншымі дзяржавамі. Мы актыўна супрацоўнічаем з В’етнамам па міжнародным парадку дня ў межах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у межах Руху недалучэння. Мы заўсёды падтрымлівалі гэтак жа, як і В’етнам нас, па самых вострых, надзённых пытаннях гэтага парадку дня. Мы і надалей будзем дзейнічаць у гэткім самым рэжыме”, – сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і В’етнамам не перавышае 190 млн. долараў у год. „Гэта, вядома ж, мізэрны ўзровень, калі глядзець на патэнцыялы дзвюх дзяржаў. Павінен сказаць, што цяперашні візіт спрыяў таму, што мы ўжо падчас яго падпісалі шэраг кантрактаў не на адну сотню мільёнаў долараў”, – адзначыў беларускі кіраўнік.

Двухдзённы афіцыйны візіт прэзідэнта Беларусі ў В’етнам завяршаецца сёння. Акрамя Чыонг Тан Шанга Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Нацыянальнага сходу Нгуен Шынь Хунгам, прэм’ер-міністрам Нгуен Тан Зунгам і генеральным сакратаром Камуністычнай партыі В’етнама Нгуен Фу Чонгам.

Далей Лукашэнка накіруецца з афіцыйным візітам у Туркменістан, дзе будзе знаходзіцца да 12 снежня. Гэтыя замежныя візіты – першыя для яго пасля прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года.

belapan.by