Беларусь і ЗША падпісалі двухбаковы дагавор аб адкрытым небе
Беларусь і Злучаныя Штаты Амерыкі падпісалі двухбаковы дагавор аб адкрытым небе.
Дадзены дакумент стаў першым двухбаковым дагаворам аб паветраным транспарце, заключаным ЗША з Беларуссю, паведамляе сайт Дзярждэпартамента.
„Пагадненні аб адкрытым небе ўсталёўваюць правілы, якія спрыяюць росту эфектыўнай міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, заснаванай на рынкавых правілах”, — гаворыцца ў паведамленні.
Дакумент дапаможа стварыць дадатковыя магчымасці для турыстаў, а таксама для бізнесу, дапоўнілі ў Дзярждэпартаменце.
Пагадненне было падпісанае 3 снежня ў рамках 12-га мерапрыемства па правядзенні перамоваў аб паветраных паведамленнях ICAN-2019 у Іарданіі. Сустрэчу арганізавала Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), у ёй прынялі ўдзел 71 дзяржава і 5 міжнародных арганізацый.
Дагавор па адкрытым небе быў прыняты ў 1992 годзе, ён усталёўвае рэжым наглядальных палётаў без зброі над тэрыторыяй усіх 34 краін, якія падпісалі гэты дакумент, для павелічэння адкрытасці і празрыстасці ваеннай інфраструктуры для прадухілення магчымых крызісаў.
Згодна з гэтым дакументам, на назіральныя самалёты могуць быць устаноўленыя відэакамеры і сэнсары інфрачырвонага выпраменьвання, а дадзеныя, атрыманыя ў выніку палётаў, становяцца даступныя для ўсіх краін — удзельніц дагавора.
belapan.by