Беларусь і ЗША правялі ў Менску чарговы раўнд дыялогу па правах чалавека



У Міністэрстве замежных спраў 12 кастрычніка адбыўся чарговы раўнд дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЗША, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

Беларускі бок узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, амерыканскі — старшая службовая асоба бюро па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, былы пасол ЗША ў Беларусі (у 2000—2003 гадах) Майкл Козак.

У дыялогу ўзялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, юстыцыі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Следчага камітэта, Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, а таксама часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур, супрацоўнікі Дзярждэпартамента і пасольства ЗША ў Беларусі.

„Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў па тэматыцы правоў чалавека, у тым ліку іх захаванне ў Беларусі і ў ЗША, а таксама пытанні ўзаемадзеяння па правачалавечай тэматыцы з дагаворнымі органамі міжнародных арганізацый”, — паведамляе прэс-служба МЗС.

belapan.by