Беларусь мае некалькі дзён, каб падрыхтавацца да эпідэміі
Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер лічыць, што ў Беларусі „ёсць некалькі дзён, каб падрыхтавацца да магчымага наступлення эпідэміі”.
Пра гэта гаворыцца ў яго артыкуле „Тры крокі для Беларусі, каб падрыхтавацца да эпідэміі каронавіруса”, апублікаваным на сайце Сусветнага банка.
„Два тыдні таму ўрад Вялікабрытаніі папрасіў грамадзян заставацца дома. Нават пры гэтым урад зведаў крытыку як унутры краіны, так і за мяжой за тое, што гэта было зроблена занадта позна, — адзначае Крэмер. — Па распаўсюджанні віруса Беларусь адстае ад Злучанага Каралеўства роўна на 13 дзён, а з большасцю краін ЕЗ часавы разрыў нават большы. 20 сакавіка ў Беларусі налічвалася столькі ж выпадкаў інфіцыравання ў разліку на адзін мільён насельніцтва, колькі і ў Вялікабрытаніі па стане на 7 сакавіка”.
Сярод трох важных захадаў, які трэба ажыццявіць Беларусі, Крэмер назваў: мабілізацыю намаганняў па супрацьдзеянні эпідэміі, сацыяльнае дыстанцыяванне і пашырэнне сацыяльных праграм.
Нагадаем, агульная колькасць выяўленых выпадкаў каронавіруса ў Беларусі дасягнула па стане на канец дня першага красавіка 300, з іх 4 чалавекі памерлі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by