Беларусь на 157-ым месцы ў рэйтынгу свабоды СМІ



На 157-е месца са 180 краінаў апусцілася Беларусь у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы, апублікаваным міжнароднай арганізацыяй “Рэпарцёры без межаў”. Беларусь ізноў была занесена ў спіс краінаў са “складанай сітуацыяй” у галіне свабоды СМІ.

Bastunets-BAJ_9_zezd-800x400

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адказвае на пытанне: што магло паўплываць на такую ацэнку аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі?

– Гэты індэкс усё ж больш тычыцца мінулага году. І, безумоўна, тыя судовыя працэсы, якія адбываліся над журналістамі-фрылансерамі, паўплывалі на гэтую ацэнку. Зразумела, што індэкс – гэта суб’ектыўны погляд, але мы бачым, як успрымаецца сітуацыя ў нашай краіне звонку. За мінулы год адбылося 28 судоў супраць журналістаў, якія пацуюць на замежныя медыя. У гэтым годзе абвешчана ўжо 10 прысудаў. Гэта ніяк не працуе на імідж краіны.

«У спробе аслабіць уплыў Расеі на Беларусь рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрабуе набыць прыхільнасць міжнароднай супольнасці і сцерці імідж “апошняй дыктатуры Еўропы”. Але акрамя вызвалення палітвязняў нічога не змянілася. Журналісты-фрылансеры не могуць атрымаць акрэдытацыю і пераследуюцца судовай уладай, – гаворыцца ў дакладзе “Рэпарцёраў без межаў”.

У тройцы краінаў з найлепшым індэксам свабоды прэсы – Фінляндыя, Нідэрлянды і Нарвегія. Найгорш працаваць журналістам у Емэне, на Кубе і ў Джыбуці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя